Автор: . Дата создания:

Міёрскі райкам прафсаюза ­работнікаў АПК сістэма­тычна маніторыць арганізацыю харчавання занятых на ўборцы людзей. Рэйдавыя брыгады цікавяцца разнастайнасцю меню, каларыйнасцю і якасцю страў, умовамі гатавання абедаў. Па шэрагу такіх паказчыкаў вызначаюцца лепшыя гаспадарка, сталовая і яе работнікі.

У ліпені лепшай была прызнана сталовая ААТ «Любінова», дзве работніцы якой атрымалі падарункі ад прафсаюза. Сытнасць і смачнасць прыгатаваных імі страў адзначалі ўсе, хто харчуецца ў сталоўцы ААТ.

Повар Яніна Летахіцкая — пен­сіянерка. Як кажуць знаёмыя, добрая кухарка з маладосці. Ужо не адзін год яна выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі. Дапамагае ёй маладая работніца Вольга Бураўская. Яна толькі пачынае асвойваць поварскую справу, але, як адзначае старэйшая калега, кулінар з яе атрымаецца добры.

Жанчыны гатуюць абеды для 35 – 40 чалавек. Гэта механізатары, што займаюцца корманарыхтоўкай, камбайнеры, вадзіцелі, занятыя на адвозцы збажыны, і іншыя. Кормяць іх сытна і па-хатняму смачна. У жаркі дзень прапануюць халаднікі, калі сонца не прыпякае – гарачае першае. І абавязкова страва з мяса і салат.

Пра тое, каб было з чаго гатаваць, паклапацілася адміністрацыя. Заключыла дагавор з Міёрскім мясакамбінатам, магазін якога пастаўляе хлебаробам не толькі прадукцыю прадпрыемства, а і крупы, макароны, гародніну. Хлебам забяспечвае таксама мясцовы хлебазавод. Усё прывозяць свежае, якаснае, што аблягчае працу повараў.

Камбайнераў кормяць у полі. Для дастаўкі абедаў у сталовай ёсць спецыяльныя тэрмасы і абавязкова сродкі асабістай гігіены.

– Харчуемся лепш, чым дома,– прызнаваліся механізатары. – Ежа смачная, разнастайная і, што вельмі прыемна, бясплатная. Аплату абедаў і падвячоркаў узяла на сябе гаспадарка, а гэта, як ведаем, да 4 рублёў у дзень. Эканомія для сямейнага бюджэту добрая.

За важкі ўклад ва ўборачную кампанію работніц сталовай, якія клапоцяцца пра добрае харчаванне, а значыць, і пра добры настрой удзельнікаў жніва, падзякавала старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Валянціна Барок і пажадала ім далейшых поспехаў.

Фота з архіва "ВВ".