Автор: . Дата создания:

Канадскую энергазберагальную тэхналогію ўзвядзення малапавярховых дамоў пастаўчанін Уладзімір Падрэз падгледзеў у расійскіх ваенных.

Уладзімір Падрэз у цэху па вырабе сіп-панэляў

Яны прымяняюць сіп-панэлі – шчыты, дзе ўцяпляльнікам служыць пенапласт, а абліцоўкай – стружачныя пліты. Інфармацыя ў сеціве сцвярджае, што сёння па такой тэхналогіі ў Амерыцы ўзводзіцца 80% жылля.

У Беларусі гэта ніша была свабоднай. Уладзімір Вікенцьевіч стаў першым, хто прапанаваў забудоўшчыкам новы недарагі матэрыял. У 2007 годзе зарэгістраваў у Паставах сваю фірму «Стыльны дом» і ўзяўся за справу. Спачатку асвоіў выраб пенапласту. Не стаў эканоміць на абсталяванні і сыравіне, купіў на той час самыя сучасныя станкі.

– Дом з сіп-панэляў брыгада з 4 чалавек збірае за месяц, – расказаў Уладзімір Падрэз.— Недарагі, цёплы, надзейны. Ведаю многіх, хто зрабіў гэта сам. Каб у зборшчыка не ўзнікала праблем, усе элементы падганяем максімальна дакладна.

Чарапіцу і брус фірма пакуль закупляе ў партнёраў. Але гаспадар ужо робіць захады па наладжванні вырабу ўласнага бруса, абсталёўвае дрэваапрацоўчы ўчастак.

Наколькі запатрабаваны ў нас такі матэрыял?

– Год ад году попыт расце. Купляюць не толькі беларусы, але і расіяне. Вядзём перамовы з літоўцамі на пастаўку нашых дамоў у Еўропу. Пакрыху рухаемся наперад,– паведаміў субяседнік. — Так, мой партнёр выкупіў ў Варапаеве пустыя цэхі. На іх плошчах наладзім выраб мэблевага шчыта. Незанятых накірункаў дзейнасці яшчэ многа, трэба толькі хацець пачаць уласную справу.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ