На Міёрскім мясакамбінаце яшчэ з асцярожнасцю гавораць пра выхад на стабільную работу.
– Многае залежыць не толькі ад нас, – адзначылі супрацоўнікі.
Многае – гэта ў першую чаргу аб’ёмы пастаўкі на перапрацоўку мяса. У мінулыя гады сыравінная зона камбіната абмяжоўвалася Міёршчынай і Полаччынай. Цяпер калектыў мае права закупляць яе па ўсёй вобласці. У выніку паляпшэння загрузкі магутнасцей прадпрыемства павялічыўся выраб прадукцыі. А з попытам на яе ў міёрскіх перапрацоўшчыкаў ніколі не было праблем. Паўфабрыкатам, вэнджаніне, каўбасным вырабам многія спажыўцы ў нашай краіне і Расійскай Федэрацыі аддаюць перавагу над іншымі вытворцамі. Справа ў тым, што ў каўбасных вырабах Міёрскага мясакамбіната да 80% натуральнага мяса. Плюс натуральныя спецыі і абалонка – пра гэта даведваецца ўважлівы пакупнік, калі вывучае маркіроўку на прадукце.
– Мы ледзь паспяваем выконваць заяўкі, – характарызуючы цяперашнюю сітуацыю, паведаміў дырэктар камбіната Сяргей Росаў. – Пачынаючы з красавіка калектыў працуе з прыбыткам. Яго прыносіць выраб розных відаў прадукцыі, а таксама яе экспарт. Наш камбінат у ліку тых прадпрыемстваў, каму Расійская Федэрацыя адкрыла дарогу на пастаўку прадукцыі. Заяўкі маем з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Бранска, Ліпецка, Казані…
Вядома, не абдзяляюць і айчыннага пакупніка. Камбінат плённа супрацоўнічае з гандлёвымі сеткамі «Еўраопт», «Дабраном», адгружае сваю прадукцыю ўсім магазінам, ад якіх паступаюць заказы.
У асартыментным пераліку больш за 200 найменняў прадукцыі. Калектыў гатовы мабільна пераключацца на выпуск той, інтарэс да якой у спажыўцоў найбольш высокі. Але і спыняцца ў распрацоўцы новых рэцэптаў не збіраецца. З’явіўся попыт на вырабы з індычыны, і міярчане пачалі рабіць з яе каўбасу, абагачоную амега-3 кіслотамі, паўфабрыкаты.
Дарэчы, на камбінаце пачалі асвойваць вытворчасць здаровай прадукцыі з ялавічыны, выгадаванай па экатэхналогіі ў філіяле «Павяцце» УП «Чэрасы». Першыя партыі далікатэснага прадукту забрала гандлёвая сетка «Гіпа».
– Гэты напрамак нам вельмі цікавы, – сказаў Сяргей Мікалаевіч. – Будзе попыт – асартымент пашырым. Маем прапановы ад фермераў па пастаўках мяса птушкі, выгадаванай без прымянення дабавак і стымулятараў.
Гатовы вырабляць прадукцыю з дабаўленнем свініны, ужо правялі перамовы са спецыялістамі Міністэрства па сельскай гаспадарцы і харчаванні Беларусі.
Усё для задавальнення пакупніка, сцвярджаюць на камбінаце. У яго інтарэсах прадпрыемства зноў вяртаецца да шырокага і прамога супрацоўніцтва з ім. Такое рашэнне перш за ўсё выгадна тым, хто працуе ў сельскай гаспадарцы. Закуп сыравіны павялічылі і дзякуючы таму, што змаглі своечасова разлічыцца за яе пастаўку. На гэту працэдуру адводзяцца цяпер 3 – 4 дні. Але шэраг прадпрыемстваў у выглядзе аплаты бярэ для сваіх работнікаў міёрскую прадукцыю. Раней адгрузка ішла праз сетку магазінаў, вядома, з гандлёвай нацэнкай. Адмовіўшыся ад пасрэдніка, камбінат робіць сваю прадукцыю танней і гатовы пастаўляць тое, што больш патрэбна і па кішэні чалавеку.
Фінансавая сітуацыя дазваляе прадпрыемству зноў вярнуцца і да падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў. Адміністрацыя пацікавілася ў сёлетніх выпускнікоў іх інтарэсам да прафесій ветурача, электрыка і гатова даць накіраванне тым, хто пажадае атрымаць іх і стаць членам калектыву мясаперапрацоўшчыкаў.
Моцная канкурэнцыя прымушае прадпрыемства змяншаць сабекошт прадукцыі, адначасова захоўваючы яе натуральнасць і якасць. Для гэтага трэба далей займацца мадэрнізацыяй вытворчасці. Яна асабліва патрабуецца забойнаму ўчастку. Розныя варыянты зараз вывучаюць спецыялісты камбіната. Абгрунтаванасць бізнес-плана стане падставай для фінансавання праекта.
Фото Тамары ПАШКЕВІЧ.