Непасрэдна на аб’екце Уладзімір Сямашка правёў нараду з адказнымі работнікамі адміністрацыі “ММПЗ-груп”, прадстаўнікамі абласных і рэгіянальных энергетычнай, газазабяспечваючай, дарожнай і іншых структур.
Пра становішча спраў на будоўлі намесніку прэм’ер-міністра паведаміў старшыня савета дырэктараў “ММПЗ-груп” Аляксей Кавалёнак. У прыватнасці, Аляксей Арнольдавіч запэўніў, што складанасці ва ўзаемадзеянні нямецкіх, расійскіх і беларускіх банкаў пераадолены. Літаральна днямі чакаецца падпісанне ўзгодненага крэдытнага дагавору, а значыць, адкрыецца і паўнацэннае фінансаванне работ. Ужо ў студзені будаўнікі – кампаніі расійскага генпадрадчыка і беларускіх субпадрадчыкаў, прыкладна 400 чалавек – стануць працаваць на гэтай пляцоўцы 24 гадзіны ў суткі.Такім чынам яны навярстаюць невялікае адставанне ў ходзе работ.
Намесніка прэм’ер-міністра цікавілі падрыхтоўчыя мерапрыемствы. Як адзначыў генеральны дырэктар Пётр Шымуковіч, праектная дакументацыя на першачарговыя аб’екты – цэнтральную майстэрню і непасрэдна лістапракатны цэх – зроблена і прайшла дзяржэкспертызу. Будаўнічая пляцоўка выраўнена, закончана выемка грунту пад пракатнае абсталяванне. Аўтамабільныя дарогі падведзены, устаноўлены дзве электрападстанцыі і вежавы кран, тэрыторыя часткова агароджана. Вырашаны пытанні часовага водазабеспячэння, размяшчэння раствора-бетоннага вузла і гарадка з вагончыкаў для будаўнікоў. Паралельна працягваецца праектаванне адміністрацыйна-бытавога корпуса і будынка водападрыхтоўкі, іншых аб’ектаў.
На нарадзе таксама прааналізавалі ход стварэння інфрастуктуры будучага завода. Адказныя асобы паведамілі, што чыгуначнікі прыступілі да падвядзення каляі, энергетыкі закончылі будаўніцтва высокавольтавай лініі працягласцю 8 км і да канца наступнага года павінны мадэрнізаваць Міёрскую электрападстанцыю. Газавікі выканалі 97% прадугледжаных работ, днямі адбудзецца ўрэзка ў цэнтральны газаправод.
Свідравіны водазабору зроблены, абсталяванне аплачана. У маі-чэрвені 2017-га іх належыць увесці ў эксплуатацыю. Вядуцца работы на каналізацыі і водаачыстцы.
Удзельнікі вытворчай нарады агледзелі будаўнічую пляцоўку металапракатнага завода, ацанілі праведзеныя там работы, пазнаёміліся з ходам будаўніцтва жылля для работнікаў прадпрыемства.