Автор: . Дата создания:

З ураджаю гэтага года Пастаўскі льнозавод забяспечыў сябе сыравінай на работу ў дзве змены аж да ліпеня 2017-га. Трасты і семя сабрана на трэць больш, чым летась, хоць па прычыне  неспрыяльнага надвор’я давялося спісаць 7% ад пасяўной плошчы.

А яна ў пастаўчан немаленькая: 2 тыс. гектараў, раскіданых па 9 гаспадарках. Каб не залежаць ад ільнаводаў адкрытых акцыянерных таварыстваў, на прадпрыемстве з года ў год нарошчвалі плошчу пад паўночным шоўкам, пашыралі для гэтага парк спецыялізаванай тэхнікі, вучылі людзей. 

— Цяпер у гэтай справе мы спецыялісты,— гаворыць вядучы аграном прадпрыемства Раіса Гарлачова. — Аднак і 2 тыс. га пры існуючай ураджайнасці пад магутнасці завода мала, а прыдатныя землі пад вырошчванне даўгунцу практычна ўсе ў раёне занятыя. Выйсце бачым у павышэнні ўраджайнасці трасты і льнасемя і ў пашырэнні  геаграфіі сыравіннай тэрыторыі, магчыма,  у Браслаўскім, Шаркаўшчынскім і Докшыцкім раёнах. Апошняя праблема не ў кампетэнцыі нашага калектыву, але, спадзяёмся, рашэнне будзе знойдзена. Мы ж  ставім перад сабой задачу ў наступным годзе сабраць ураджай яшчэ на трэць большы, чым сёлета. Рэзервы для гэтага ёсць.

Сапраўды, калектыў суседняга  Мосарскага завода, што на Глыбоччыне, меў з гектара па 40,7 ц трасты – лепшы паказчык па вобласці. Ён арыенцір для пастаўчан, якія  атрымалі з гектара толькі па 29 ц і паклалі ў шохі 5 367 т сыравіны. Сабралі з палёў усю, хоць гэта далося цяжка. Спачатку надвор’е перашкаджала церабленню, а потым не хапіла часу для яе вылежкі. Праблема з якой сутыкнуліся, бадай, усе льнозаводы вобласці.

Пастаўскія механізатары дзяжурылі ў полі, стараліся скарыстаць кожную спрыяльную гадзіну, каб узняць, спрасаваць трасту, звезці яе пад дах. А калі ўзнікла пагроза, што непагадзь у чарговы раз зблытае планы, дырэкцыя прадпрыемства папрасіла дапамогі ў работнікаў іншых калектываў. Яны адгукнуліся. За тры дні рэшткі трасты былі звезены і складзіраваны ў шохі, за што калектыў завода вельмі ўдзячны памочнікам.

Праўда, праблемы на гэтым не скончыліся. Не да канца вылежаная траста, а ўслед за ім валакно сёлета маюць жоўтае ці рыжаватае адценне, і з-за гэтага, кажуць на заводзе, Аршанскі льнокамбінат яго не прымае. Выйсце з гэтай сітуацыі як быццам ёсць. Калі камбінат адмаўляецца ад валакна, то яго можна прадаць таму, хто гатовы купіць. І такія жадаючыя маюцца. Ёсць акт, складзены кампетэнтнай рабочай групай, што лепш адсартаваць валакно завод не можа. Толькі дазволу на рэалізацыю прадукцыі іншым пакупнікам  пакуль яму ніхто не дае.

Сітуацыю, што склалася на льнозаводах вобласці, дырэктар ААТ «Віцебскабллён» Таццяна Ярома назвала парадаксальнай. Пераменлівае надвор’е паўплывала на тое, што льновалакно сапраўды мае розныя каляровыя адценні. Камбінату яно не патрэбна. Але і заводы ў сваю чаргу не могуць рэалізаваць яго іншым пакупнікам, пакуль не будзе выкананы дзяржзаказ, які ў параўнанні з леташнім павялічаны сёлета ў два разы.

Пакуль праблема чакае вырашэння, завод працуе, думае пра заўтрашні дзень. Пад будучы ўраджай узнята глеба, амаль на ўсёй плошчы ўнесены гліфасаты, хлорысты калій. Хапае і свайго насення перспектыўных гатункаў высокай рэпрадукцыі.

Фота Антона Сцепанішчава