Автор: . Дата создания:

Пастаўскае ААТ «Хацілы-Агра» ідзе на чарговы рэкорд. Спачатку тут атрымалі самы высокі ў вобласці ўраджай збожжавых, а цяпер спадзяюцца здзівіць і ўраджайнасцю рапсу. З 260 гектараў азімага сабралі на круг па 36 ц. Добра ўрадзіўся і яравы, уборку якога тут закончаць з дня на дзень.

– Не падумайце, што спазняемся, – адзначылі ў сельгаспрадпрыемстве. – Наш дырэктар Вячаслаў Крыштафовіч, які цяпер і кіраўнік, і аграном у адной асобе, ведае, што робіць. Чакаў, калі зярняты наліюцца, добра выспеюць, і толькі тады даў каманду ўбіраць. З гектара камбайнеры намалочваюць у сярэднім па 25 цэнтнераў насення.

А вадзіцелі, што прывезлі чарговую партыю і з якімі сустрэлася на вагавай, наогул заявілі:
– Такога рапсу мы не бачылі ў сваім жыцці ніколі. На полі, дзе цяпер яго ўбіраюць, будзе мінімум па 30 ц з гектара.

Багаты валавы збор дае гаспадарцы магчымасць зарабіць на продажы рапсу. Як расказала галоўны бухгалтар Ганна Шубелька, ад жадаючых яго набыць няма адбою.
Бялковым кормам сваю жывёлу поўнасцю забяспечылі ды і прадаць яшчэ ёсць што. Цяпер закладваецца аснова пад ураджай будучага года. Дружнымі ўсходамі радуе азімы рапс, які яшчэ ў жніўні на 265 гектарах пасеяў Віктар Нікалаеў. Цяпер ён разам з таварышамі Аляксеем Власавым і Уладзімірам Банькоўскім сеюць пшаніцу.

Усе тры механізатары сяўбой займаюцца не першы год, падыходзяць да яе адказна, строга захоўваюць тэхналагічны працэс, разумеюць, што і ад іх у вялікай ступені залежыць, наколькі важкім будзе хлебны каравай у наступным годзе.
— У нас кожная хвіліна на ўліку, — сказалі яны. — Восеньскае надвор’е непрадказальнае. Таму і рупімся, імкнёмся перавыконваць даведзеныя нормы.

На ўскрайку поля, на якім прайшла меліярацыя і было дзе разгарнуцца тэхніцы, стаяў загрузчык зерня. Механізатары папоўнілі насеннем сеялкі, і трактары адзін за адным пайшлі па полі, каб своечасова пакласці элітнае насенне ў глебу.

У ААТ «Хацілы-Агра» стаўку робяць на азімыя культуры, бо яны ніколі не падводзяць хлебаробаў, даюць высокія намалоты. Згодна з планам яны зоймуць 1 800 гектараў. Каб зямля і на наступны год парадавала добрым ураджаем, перш чым сеяць, тут уносяць калійныя ўгнаенні і арганіку.

На 7 верасня, па інфармацыі райсельгасхарчу раёна, у ААТ «Хацілы-Агра» азімымі быў засеяны 21% запланавай плошчы. Гэта найлепшы вынік у раёне.

Фота Ганны Анішкевіч