Непадалёку ад бальшака ў сасновым бары схавалася трусаферма ААТ “Мяжаны” Браслаўскага раёна. На адной з палян роўнымі радамі выстраіліся навесы, якія тут называюць шэдамі, з клеткамі матачнага пагалоўя. На другой – такія ж шэды з домікамі для гадоўлі маладняку. Большасць яго будзе прададзена гаспадарам-заводчыкам племянных трусоў, астатнія – пойдуць на мяса. Мяжанская трусаферма адзіная ў краіне, якая займаецца развядзеннем чыстакроўных звяркоў.
Гісторыя фермы пачалася ў 1972 годзе. Але ў гаспадарцы статыстыку вядуць з 2006-га, калі “Белпушнина” зрабіла стаўку на мяжанскую трусаферму менавіта як на племянную. З Заходняй Еўропы былі завезены 14 відаў трусоў, нязвыклых для беларусаў па памерах, сапраўдных гігантаў. У 2008 – 2010 гадах сельгаспрадпрыемства было пастаянным удзельнікам выставак “БелЭкспа”, пра што сведчаць дыпломы ў канторцы фермы.
За пародзістым маладняком ехалі на Браслаўшчыну трусаводы з Ленінградскай, Растоўскай абласцей, Краснадарскага краю Расіі. Рэнтабельнасць фермы набліжалася да 40%.
Пра той час у калектыве ўспамінаюць з настальгіяй. Быў попыт на трусоў, футра, мяса. У фермы адкрываліся шырокія перспектывы развіцця, рэалізаваць якія, аднак, не ўдалося. Адышла мода на футра, паменшала сродкаў у прыватных фермераў, не прыносіла даходу з-за нізкіх закупачных цэн і каштоўнае дыетычнае мяса. Крызіс наклаў свой адбітак і на гэту галіну. Трусаферма ледзь зводзіла канцы з канцамі, па выніках мінулага года мела страты.
Толькі ў гаспадарцы не апускалі рукі. На дапамогу ёй прыйшлі раённая ўлада, спецыялісты. Сёлета адрамантавалі адміністрацыйны будынак, перакрылі некалькі шэдаў, у дзясяткі новых домікаў перасяліліся звяркі. Як вынік –павелічэнне прыплоду амаль на 300 галоў. За паўгода невялікі калектыў фермы выручыў 41 тысячу рублёў, упершыню за некалькі апошніх гадоў выйшаў на плюсавую рэнтабельнасць.
Дырэктар таварыства Вольга Балочка прыводзіла лічбы станоўчай дынамікі.
Работу калектыву трусафермы ўзяў на кантроль райвыканкам. Ад яе вынікаў па заканчэнні года будзе залежыць далейшы лёс трусагадоўлі ў гаспадарцы. Пры рэнтабельнасці ў 2-3% яна застанецца племянной. Эканамісты падлічылі, што калі 80% прыплоду будзе рэалізоўвацца па назначэнні, у фермы ёсць перспектывы. У адваротным выпадку пагалоўе яе павялічаць на 300 трусоў і перапрафіліруюць на вытворчасць дыетычнага мяса.
Цяпер яго закупляе Аршанскі мясакамбінат і выпускае кансервы для дзіцячага харчавання. Цана фіксаваная, сельгаспрадпрыемству нявыгадная. Але і звычайны пакупнік пры ўсёй карыснасці трусяціны пакуль не стане плаціць за яе па 12 рублёў за кілаграм. Па такой цане мяса бярэ пакуль адно са сталічных кафэ і толькі летам. Зімой таксама зніжаюць закупачную цану.
– Выйсце для ААТ у тым, каб перш за ўсё паменшыць сабекошт прадукцыі, а для гэтага рацыянальна распараджацца кармамі, стварыць умовы для зімовага размнажэння звяркоў, шукаць збыт футра, – сказаў першы намеснік начальніка сельгасупраўлення Браслаўскага райвыканкама Віктар Казінец.
Па ўсіх гэтых накірунках і працуюць цяпер спецыялісты сельгаспрадпрыемства і калектыў фермы. Вольга Антонаўна спадзяецца, што пасля рэканструкцыі Віцебскай футравай фабрыкі гаспадарка адновіць дзелавыя зносіны з ёй, наладзіць пастаўку футра. Пашырае гаспадарка і рэкламную дзейнасць. Пра гэтую ўнікальную ферму павінны ведаць і ехаць сюды за лепшымі еўрапейскімі пародамі звяркоў па беларускіх цэнах.
Фота Тамары Пашкевіч.