Автор: . Дата создания:

Тое, што ААТ «Нурава» не было далучана да суседняй больш моцнай гаспадаркі, што справы ў ім пайшлі ўгару, ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні Верхнядзвінскага райвыканкама звязваюць з асобай новага кіраўніка сельгаспрадпрыемства Уладзіміра Фесіна.

Здаецца, і часу мінула нямнога, як узначаліў гаспадарку, а змены відавочныя, паведаміла намеснік старшыні АПС па Верхнядзвінскім раёне Люцыя Грэсько. Абнаўляецца машынна-трактарны парк, старая тэхніка, толькі рухавікоў капітальна адрамантавана з дзясятак. Ураджай збажыны сабраны адзін з лепшых на Верхнядзвіншчыне, па 33 ц з гектара, валавы намалот наблізіўся да 4,5 тыс. тон і павялічыўся да мінулага года больш чым на 18%.

Прырост дасягнуты па большасці паказчыкаў як у раслінаводстве, так і жывёлагадоўлі. Таму перш за ўсё і было цікава, за кошт чаго дасягаецца прыбаўка вытворчасці прадукцыі. Наконт гэтага думкі субяседнікаў адрозніваліся. Адны лічаць, што дырэктар, валявы па характары, змог дабіцца дысцыпліны працы, другія звязваюць з яго ўменнем пераканаць, мабілізаваць і дасягнуць пастаўленай задачы. Але ўсе задаволены зменамі, што адбываюцца на іх вачах. Вось і былы інжынер па тэхніцы бяспекі Кірыл Бубен, які звольніўся і ўжо працаваў у Полацку, вярнуўся з сям’ёй назад, прыняў рамонтную майстэрню, жонка пайшла на працу ў школу. Маладой сям’і далі дом. На машынным двары – парадак, тэхніка служыць спраўна.

А яшчэ пераканаўчым аргументам у дырэктара служаць лічбы і разлікі. Часам можна было б папрасіць дапамогу ў суседзяў ці запрасіць мехатрад з масласырзавода, рукамі і тэхнікай іх работнікаў скасіць, убраць, узараць... Тады Уладзімір Уладзіміравіч робіць аналіз, у якую капеечку абыдзецца дапамога з боку, і з гэтай выкладкай ідзе да людзей. Жадаеце самі зарабіць – калі ласка, але пастарайцеся не стаяць на рамонце, арганізуйце рабочы дзень без прастояў. У адваротным выпадку на чужой паслузе гаспадарка панясе большыя затраты і вашы заробкі зменшацца.

Людзі ўмеюць лічыць грошы і гатовыя іх зарабляць. Сёння ўжо нікога не здзіўляе, што ў жніўні, напрыклад, у многіх механізатараў зарплата перабольшыла тысячу рублёў. А Георгію Новікаву за ўборку бухгалтэрыя налічыла 2479 рублёў, Раману Размысловічу – 2733, вадзіцелю Леаніду Людскаму – 2005 рублёў. У тэхніка-асемянатара яна склала 1700 руб.

Хочаш зарабіць – працуй. Такі падыход у дырэктара да падначаленых.

– Я ж са свайго боку і спецыялісты паклапоцімся пра тое, каб умовы для гэтага людзі мелі, не прастойвалі з-за адсутнасці запчастак, паліва, загадзя ведалі заданне і маглі прадумаць арганізацыю работы, – агучыў сваю пазіцыю Уладзімір Фесін.

Як паказала жыццё, аказалася яна дзейснай. Ад веснавой пасяўной і да восеньскай з усімі работамі нураўцы справіліся ўласнымі сіламі. Толькі на адвозку збожжа ад камбайнаў нанялі аднаго з верхнядзвінскіх прадпрымальнікаў. Усё астатняе – самі.

Яравыя адсеялі ў красавіку. Як ні было цяжка, набылі азотныя ўгнаенні і гербіцыды, своечасова падкармілі і прапалолі азімыя збожжавыя, рапс. У выніку на многіх участках сабралі пшаніцы па 48 – 50 ц з гектара. Найлепш урадзілася гатунку «патрас», на яе робяць у гаспадарцы стаўку ў азімым кліне і сёлета.

– Уборку правялі практычна чатырма камбайнамі, нагрузка на якія была адной з самых вялікіх у раёне, – расказаў Уладзімір Уладзіміравіч. – Пяты, з самым вялікім тэрмінам службы, стаяў у рэзерве. Напрыканцы жніва яму на змену атрымалі новы і паспелі абкатаць на ўборцы яравога рапсу. Замацавалі яго за Георгіем Новікавым. Ён у нас не толькі адзін з лепшых камбайнераў. Працуе там, дзе патрэбна: на сяўбе, корманарыхтоўцы, уборцы.

Дарэчы, такім жа ўмелым механізатарам з’яўляецца і яго брат Сяргей. Яны двайняты, уступіць адзін аднаму ні ў чым не жадаюць. Калі Сяргей у маі атрымаў новы «Кіравец», Георгій пры кожнай сустрэчы з дырэктарам прасіў набыць і для яго новую машыну. Уладзімір Уладзіміравіч паабяцаў, што і ён атрымае сёлета не горшы падарунак. Слова стрымаў. А браты працуюць цяпер яшчэ з большай ахвотай.

Сяргея знайшлі ў майстэрні. На трактар ён навешваў плугі і збіраўся выязджаць на падрыхтоўку глебы. Георгій на дальнім полі абмалочваў на насенне канюшыну. Да яго і паехалі, аглядаючы па дарозе засеяныя рапсам і пшаніцай палі, на якіх ужо зелянелі ўсходы. 88-гектарнае поле рапсу было засеяна без папярэдняга ўзорвання глебы. Дружныя ўсходы гаварылі, што расліна прыняла такую тэхналогію сяўбы, адчувае сябе добра.

Уздоўж прасёлка там-сям яшчэ траплялася неўзаранае іржышча з вялікімі рулонамі саломы. Панарама на сельгасугоддзі адкрывалася на некалькі кіламетраў. Амаль на граніцы з суседняй гаспадаркай працаваў камбайн. Георгій Новікаў, даехаўшы да мяжы, прыпыніўся, далажыў, колькі яму яшчэ спатрэбіцца часу, каб закончыць абмалот канюшыны. На размову ў яго было літаральна пару хвілін.

Назад вярталіся зноў праз машынны двор. На спецыяльную пляцоўку ў гэты час гнаў свой агрэгат Раман Размысловіч. Механізатар памыў яго і рыхтаваў да кансервацыі.

– Замяню некалькі частак, і мой карміцель будзе чакаць наступнага сезона, – падзяліўся ён.

У майстэрні надвячоркам сабраліся ўсе інжынерныя работнікі: намеснік дырэктара па механізацыі Яраслаў Рундо, галоўны інжынер Сяргей Чэклу, загадчык майстэрні Кірыл Бубен. Маладыя, ініцыятыўныя, яны падтрымалі прапанову дырэктара адначасова з абнаўленнем парка (ААТ набыло сёлета трактар, камбайн, бароны, перасоўную даільную ўстаноўку і шмат чаго па дробязі), рамантаваць тэхніку, якая не патрабуе вялікіх затрат. Напрыклад, набыць новы кормаўборачны камбайн гаспадарка пакуль не магла, а ў кутку двара ў чаканні спісання стаяў стары «Ягуар». Стараннем інжынераў і механізатараў яго прывялі ў рабочы стан, і васямнаццаты год ён спраўна паслужыў на нарыхтоўцы кармоў. Іх, дарэчы, таксама назапасілі больш леташняга, хопіць, па ацэнцы спецыялістаў, на сытую зімоўку для грамадскага статка. А ён налічвае больш за 2600 галоў, з якіх 631 карова. На 1 верасня ад іх было надоена 1 948 тыс. тон малака, плюс 200 з лішнім тон да адпаведнага перыяду мінулага года, у сярэднім па 3087 літраў на карову, ад рэалізацыі сыравіны выручана 1165,2 тыс. руб.

Каб малочная рака як асноўная крыніца даходаў прыбывала далей, аграномы некалькі змянілі структуру пасяўных плошчаў, павялічыўшы пасевы багатых на бялок зернебабовых культур, рапсу. Пад апошні выдзелілі сёлета 182 гектары. Усю гэту плошчу засеяў практычна адзін Канстанцін Шылаў.

Цяпер побач з механізатарамі пастаянна знаходзяцца аграномы. Хоць і давяраюць, але сочаць за якасцю ўсіх тэхналагічных аперацый. Каб палі былі апрацаваны супраць пустазелля, унесены ўгнаенні, глеба падрыхтавана якасна для прыняцця насення. Галоўны аграном Таццяна Галіцкая ў гэтай справе мае вопыт, добра ведае асаблівасці зямель гаспадаркі. Цяпер усяму гэтаму вучыць Марыну Дубіну, якая толькі пачынае свой працоўны шлях пасля заканчэння лужаснянскага каледжа.

Жыццё мяняецца да лепшага, і гэта стымулюе калектыў ААТ «Нурава» на больш плённую працу, на важкі задзел для далейшага ўмацавання эканомікі гаспадаркі і вяртанне яе на былыя слаўныя пазіцыі гаспадарання, а значыць, і паляпшэнне ўласнага дабрабыту.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.