З добрымі вынікамі завяршаюць сельскагаспадарчы сезон працаўнікі адной з лепшых гаспадарак Полацкага раёна ААТ «Кушлікі» — іх шчыры клопат пра родную зямлю ўзнагароджаны багатым ураджаем.
– Год выдаўся няпростым, але плённым, – гаворыць дырэктар гаспадаркі Фёдар Завадскі.
– Упершыню ў гісторыі мы намалацілі больш за 5 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 45 ц/га.
Выхад зерня з кожнага бала-гектара павялічыўся ў паўтара разы, а асобныя палеткі далі па 80 і нават 95 ц/га, напрыклад, пшаніца «элегія».
Парадавала і бульба, якую Фёдар Фёдаравіч называе стратэгічным нацыянальным прадуктам, золатам беларускіх палёў. Сёлета яе накапалі больш за 8 тысяч тон, у сярэднім па 330 цэнтнераў з гектара. Усяго сеялі восем гатункаў айчыннай і замежнай селекцыі. Добра зарэкамендавалі сябе «брыз», «маніфест», «уладар», а лепш за ўсіх – нямецкая «гала» з рэкорднай ураджайнасцю пад 600 ц/га.
Дасягнутыя поспехі кіраўнік тлумачыць самаадданай працай калектыву і высокім прафесійным узроўнем агранамічнай службы. У «Кушлікаў» няма інвестара, стаўку тут робяць на інтэнсіўныя метады гаспадарання, а галоўным капіталам лічаць веды, талент, руплівасць улюбёных у сваю справу людзей. Каб мець ад зямлі максімальную аддачу, імкнуцца падтрымліваць бездакорную тэхналагічную дысцыпліну, павышаць культуру земляробства, укараняць дасягненні навукі і перадавога вопыту, удасканальваць арганізацыю вытворчасці.
Цяпер працаўнікі сельгаспрадпрыемства свае сілы, энергію і вопыт скіроўваюць на ўраджай будучага года – на палях вядзецца ворыва глебы, унясенне ўгнаенняў, хімпраполка азімых культур.
Працягваецца ўборка гародніны. Добрыя ўраджаі дала морква, буракоў збіраюць па 480 ц/га, а парадкаваць іх дапамагаюць гараджане – штодня служба занятасці Наваполацка пасылае ў «Кушлікі» да 40 чалавек.
Адначасова ў гаспадарцы поўным ходам ідуць пераборка, ачыстка, закладка на зімоўку і адпраўка на рэалізацыю сабранай з палёў бульбы. Падтрымліваць якасць адборных клубняў круглы год дазваляе сучаснае бульбасховішча, дзе ўсталявана спецыяльная сістэма мікраклімату. Харчовая бульба захоўваецца ў камерах навальным спосабам пры тэмпературы 4 – 7оС, а насенная – у кантэйнерах пры 2 – 5 градусах.
У пакупнікоў брэндавая культура «Кушлікаў» карыстаецца нязменна вялікім попытам. Сёння яна актыўна прадаецца і насельніцтву, і ў гандлёвыя сеткі рэгіёна. Але найбольшыя пастаўкі ідуць на экспарт – ва Украіну і Малдову.
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.