Першае грамадскае слуханне праекта тэхнічнай дапамогі “Разам для грамады і прыроды: умацаванне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці” сабрала ў Міёрскім райвыканкаме шматлікую аўдыторыю.
Прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, актывісты-эколагі, проста нераўнадушныя людзі абмяркоўвалі, як праз навучанне абудзіць у насельніцтва жаданне да самарэалізацыі, што ў сваю чаргу павінна паспрыяць яго эканамічнаму і сацыяльнаму росквіту краю.
Але перш пра фундамент, на якім будзе будавацца агульны дом, расказаў прысутным старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. Горад расце і развіваецца. Яго плошча павялічылася практычна на 100 га – за кошт металапракатнага завода і будучага жылога мікрараёна для яго работнікаў. Да здадзенай летась у эксплуатацыю бальніцы дабавяцца новыя медыцынскія ўстановы – паліклініка і кардыялагічны цэнтр. У недалёкай перспектыве з’явяцца дзіцячы сад на 200 месцаў і забаўляльна-гандлёвы цэнтр. Ва ўлады шмат задум, рэалізацыя якіх палепшыць якасць жыцця міярчан, вядома, пры ўмове, што здаровым застанецца асноўнае багацце раёна: яго прырода і перліна не толькі краю, але і ўсёй Еўропы – балота Ельня.
Як прырода і рэспубліканскі заказнік могуць дапамагчы насельніцтву палепшыць дабрабыт? Сваім бачаннем гэтага падзяліўся дырэктар ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Аляксандр Вінчэўскі. У прыватнасці, ён адзначыў, што Міёры першымі ў краіне зрабілі птушку сімвалам свайго горада, а ўслед і расліну.
Журавель, які лічыцца свяшчэннай птушкай, а журавіны – адной з самых карысных ягад, павінны стаць вядомым у свеце брэндам Міёр, стаць запатрабаваным прадуктам, каталізатарам, які паскорыць прыцягненне інвестыцый і паслужыць развіццю мясцовай ініцыятывы.
– Праект адукацыйны, мэта якога – стварэнне дзейснага механізма рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця, пабудаванага на партнёрстве мясцовай улады і структур грамадзянскай супольнасці. Практычная рэалізацыя гэтай мадэлі павінна паспрыяць развіццю ініцыятывы насельніцтва, – падкрэсліў менеджар праекта Алег Сівагракаў. – У яго рамках пройдзе конкурс ініцыятыў, дзве самыя перспектыўныя атрымаюць істотную матэрыяльную падтрымку. Прадугледжаны таксама мерапрыемствы па далейшым развіцці інфраструктуры заказніка, магчымасцей экскурсій па балоце і назірання за яго насельнікамі, будаўніцтва і ўладкаванне спартыўных аб’ектаў, набыццё машыны хуткай дапамогі для бальніцы.
Фото из архива "Витебских вестей"