Автор: . Дата создания:

“Міёрскі край. Здзіўленне побач”. У гэтых словах слогана крыецца, бадай, уся сутнасць турыстычных магчымасцей рэгіёна і традыцыйнага экалагічнага фестывалю «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», што праводзіўся ў восьмы раз.

Лясамі ды азёрамі беларуса ўжо не здзівіш. А вось балотам, якое ўяўлялася чорнай небяс­печнай багнай, а ў рэчаіснасці аказалася надзвычай цікавым прыродным аб’ектам, дзе віруе жыццё, – калі ласка. Вось і балота Ельня – найбуйнейшы ў Еўропе азёрна-балотны комплекс — сапраўдны цуд свету. Балоту ні многа ні мала 9 тысяч гадоў. Ідучы з правадніком ці едучы на ўсюдыходзе, убачыш карлікавую бярозку і марошку, дзясяткі раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Аднак каралевамі балота ўсё ж лічацца журавіны. Чырвонымі ягадамі ўсцелены купіны, ураджай якіх сёлета надзвычай багаты. Куды ні ступі з экалагічнай сцежкі – усюды іх россып, дахаты пойдзеш з той колькасцю, якую зможаш вынесці. Гэта мінімум чатыры вядры, гавораць міярчанкі. Два – у рукзаку на плячах і два ў руках. Адным словам, па запасах ягад мясцовае балота не мае канкурэнтаў у Беларусі.

А яшчэ два месяцы на год на Ельні працуе «міжнародны аэрапорт» для пералётных птушак. Тут спыняюцца на бяспечны начлег, а днём сілкуюцца на навакольных палях рэшткамі, што засталіся пасля жніва, ды дробнай жыўнасцю тысячы крылатых вандроўніц, сярод якіх самая прыгожая – журавель.

Жураўлі і журавіны – брэнд Міёр­шчыны. Ягады і птушкі сталі тымі сімваламі, якія робяць край пазнавальным сярод іншых не менш прыгожых мясцін Беларусі. Стваральнікі брэнд-бука, які, дарэчы, распрацаваны ўпершыню для пэўнай тэрыторыі Беларусі, паклалі ў яго аснову не толькі іх сімвалічны вобраз, але і дапоўнілі графічны малюнак знакамітымі прыроднымі і гісторыка-культурнымі аб’ектамі. У выніку дзякуючы намаганням крэатыўнага агенцтва «Малако» з’явіўся красачны сімвал, па якім суайчыннікі і замежныя госці будуць пазнаваць менавіта міёрскі край, пажадаюць наведаць яго, купіць сувенір, што з першага погляду падкажа, адкуль ён і што адлюстроўвае.

Расказу пра распрацоўку брэнд-бука, яго асаблівасці, магчымасці выкарыстання пры вырабе рознай прадукцыі і была прысвечана прэс-канферэнцыя, з якой пачаўся для журналістаў і турыстычных агенцтваў фестываль «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». Яго арганізатарам сёлета выступіў не толькі райвыканкам, але і каманда міжнароднага праекта «Разам да грамады і прыроды. Міёрскі раён» . Дарэчы, да свята пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза на традыцыйным месцы правядзення форума з’явілася шмат навінак: дзіцячая пляцоўка, прыгожыя лавачкі, дарожкі і стаянка для машын.

Такая запатрабаванасць фестывалю з боку прэсы і арганізатараў турыстычных ваяжаў была невыпадковай. Усё больш жыхароў краіны праяўляе цікавасць да роднай зямлі, яе славутых мясцін. Гэта пацвярджала і колькасць аўтобусаў, прыватных аўто з нумарамі Мінска і вобласці. Адны прыехалі за журавінамі, другім хацелася паназіраць за жураўлямі, трэція – проста пазнаёміцца з новым горадам і мясцінамі.

Свята сабрала разам арні­толагаў і рамеснікаў, цікаўных людзей. Я ішла ад адной пляцоўкі да другой, прыпыняючыся там, дзе было найбольш наведвальнікаў. На паўвостраве перш за ўсё ўвагу прыцягвалі прадаўцы журавін: сталыя і маладыя, з кошыкамі і вёдрамі. Аддавалі па 3 — 4 рублі за кілаграм. Лілія Януковіч з дачкой Аленай прывезлі на фестываль аж 10 вялікіх мяхоў. Мяркую, дамоў паехалі з пустымі. Бо пакупнікі не адыходзілі ад іх палаткі. Куплялі па 5 — 6 кг, потым вярталіся зноў. Так, мінчук Аляксандр рабіў трэці заход. Казаў, што з сябрамі на дзвюх машынах прыехалі са сталіцы менавіта па журавіны. Купіў для сваёй сям’і, а потым вырашыў зрабіць такі ж шыкоўны падарунак і бацькам.

Пакуль Алена з маці прадавалі журавіны, дачка адной і сястра другой Ксенія Маскаленка праводзіла майстар-клас па роспісе пернікаў. Дапамагаў ёй старэйшы сын Арцём. У майстэрні кандытара сабраліся дарослыя і дзеці, многія з якіх упершыню бачылі, як крэм з рознакаляровых цюбікаў выцякае на корж, лініі кладуцца і ствараюць узор, і вось ён — журавель.

Штогадовая лаўрэатка шматлікіх конкурсаў і прызёр сёлетняга фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» па роспісе па дрэве міярчанка Алена Батарчук вучыла лепцы з гліны, выкладчыца мясцовай школы мастацтваў Наталля Даргель з дзецьмі распісвала тканіну. Рукамі майстрыцы і памочнікаў ствараліся маляванкі, тэхналогія вырабу якіх з'яўляецца гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі.

Майстар-класы, дарэчы, сталі перлінамі фестывалю. Іх праводзілі мясцовыя майстры і прадстаўнікі браслаўскага Музея традыцыйнай культуры, члены народнага клуба «Ля возера». Па суседстве з гаспадарамі браслаўскі майстар паказваў методыку спіральнага пляцення, таксама занесеную ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Побач з ім давалі ўрокі знакамітыя ў вобласці майстры Наталля і Міхаіл Парахневічы, Ларыса Дарафейчык, Канстанцін Лук’янец – па вырабе паясоў, свістулек з гліны, выразанні з дрэва, пляценні з лазы. Людзі спрабавалі самі штосьці змайстраваць, у многіх атрымлівалася. Сярод тых, хто прадэманстраваў лёгкасць засваення матэрыялу і атрымаў ад настаўніка падарунак, была заўважана і старшыня Міёрскага райсавета дэпутатаў Марыя Баніфатава.

Іншыя ў той жа час гарталі старонкі багата ілюстраваных выданняў, прысвечаных прыродзе Беларусі, інфармацыйных даведнікаў, турыстычныя групы змянялі адна другую на пляцоўках назірання за жураў­лямі. Прафесійная оптыка дазваляла палюбавацца на грацыёзную птушку, пабачыць яе прагулку па полі, пошук ежы і харчаванне. Эмоцыі перапаўнялі наведвальнікаў. Але спецыялісты-арнітолагі прасілі не шумець: журавель – птушка асцярожная. І сапраўды, устрывожаныя прысутнасцю людзей чароды пакідалі аблюбаванае месца. Турыстам даводзілася чакаць паведамлення работнікаў заказніка і спецыялістаў ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», дзе птушкі прызямліліся, і пераязджаць. Але гэта толькі дабаўляла азарту.

За два месяцы праз Ельню пралятае да 4 тысяч жураўлёў, дзясяткі тысяч гусей і іншых птушак. Гэта асаблівасць тэрыторыі паклала пачатак некалькім бізнес-праектам па развіцці аграэкатурызму, экалагічным выхаванні, зберажэнні спадчыны. З ліку апошніх найбольш значным аказаўся праект СШ №3 Міёр па рэканструкцыі школьнага гістарычнага музея. Дарэчы, яго экспазіцыя была разгорнута на фестывалі, а юныя краязнаўцы на моладзевай інтэрактыўнай культурна-гістарычнай пляцоўцы «Спадчына» правадзілі віктарыну на веданне назваў старадаўніх прылад працы і адорвалі прызамі тых, хто даваў правільныя адказы.

Дзесяць арганізацый і асоб­ных людзей, праекты якіх атрымалі падтрымку Еўрасаюза, маюць адну мэту: зрабіць свой край цікавым для турыстаў, стварыць новыя рабочыя месцы, даць штуршок для развіцця прыватнай ініцыятывы. Як кажа кіраўнік ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі, балота павінна прыносіць даход мясцовым лю­дзям, і нават толькі дзеля гэтага яго належыць берагчы, думаць пра яго здароўе, не разбураць плацін, а садзейнічаць натуральнаму забалочванню, памятаць, што за год балота прырастае тарфяным пластом таўшчынёй усяго ў 1 мм.

Экалагічная свята — гэта і традыцыйная падстава, каб падвесці вынікі конкурсаў па добраўпарадкаванні вытворчых тэрыторый, домаўладанняў, работы старэйшын.

Дзясяткі кіраўнікоў арга­нізацый і жыхароў Міёрш­чыны атрымалі ад райвыканкама граматы, падзячныя лісты. І ўсе – падарунак ад самадзейных артыстаў, якія парадавалі цудоўнымі песнямі.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.