Жураўлі і журавіны, птушка і ягада, зрабілі Міёршчыну вядомай не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Ельня”, які знаходзіцца на яе тэрыторыі, год ад года набывае ўсё большую папулярнасць сярод навукоўцаў, фатографаў, турыстаў. Таму не дзіўна, што і экалагічны фестываль “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” сабраў у мінулую нядзелю не адну тысячу ўдзельнікаў.
Яны рушылі на паўвостраў, адкуль з раніцы разносіўся гул. Фестываль, як і ў мінулыя гады, абяцаў падарыць новыя ўражанні, запомніцца новымі адкрыццямі, знаёмствамі, цёплай атмасферай. А для тых, хто ўдзельнічаў у разнастайных мерапрыемствах, што папярэднічалі яму, стаў яшчэ і фінальнай кропкай пры падвядзенні вынікаў конкурсаў.
Адзін з іх – спаборніцтвы па зборы журавін. Сёлета памерацца спрытам у гэтай справе выйшла 9 каманд. Як расказвае старшыня журы Аляксандр Барэйка, чатыры гадзіны шчыравалі жанчыны на балоце паблізу экалагічнай сцежкі. Самы важкі ўраджай аказаўся ў работніц адукацыі. Усяго ж 18 удзельніц прынеслі з “Ельні” 170 кг журавін.
Дарэчы, іх сёлета сапраўды багата. Жыхарка вёскі Сухавержжа Жанна Пятроўская казала, што яе сям’я збірае чарніцы, брусніцы, буйніцы, журавіны – апошніх па дзве і больш тон, і мае з гэтага добры прыбытак.
У разгары сезон збору журавін, у гэты ж час у Ельні адпачывае на пералёце па 4 і больш тысяч шэрых журавоў, тысячы гусей. Ёсць на што паглядзець і чаму падзівіцца.
Здалёк і з наваколля ехалі госці на свята, якое сёлета ўключала дзве важныя падзеі. У рамках фестывалю Міёрскі раённы Савет дэпутатаў і райвыканкам, якіх прадстаўлялі іх кіраўнікі Марыя Баніфатава і Ігар Кузняцоў, і Крустпальскі край Латвійскай Рэспублікі, дэлегацыю якога ўзначальвалі старшыня Думы самакіравання Карліс Паберзэ і выканаўчы дырэктар Раймандс Спекс, падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў шырокім коле дзейнасці.
У рамках фестывалю ў вёсцы Зачарэўе здадзены кемпінг для турыстаў – вынік супрацоўніцтва Міёршчыны з Польшчай
Стужку перарэзалі старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі і дырэктар Дзісненскага лясгаса Ігар Бачарэнка. Выступаючы на ўрачыстасці, ўсе трое адзначалі плённасць супрацоўніцтва, якое, спадзяюцца яны, будзе напаўняцца новымі сумеснымі праектамі.
А на паўвостраве, традыцыйным месцы святаў і гулянняў, разгортвалася сваё дзейства. Тыя, хто жадаў паназіраць за птушкамі, прыпыняліся ля стэнда арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны", вывучалі расклад руху аўтобуса да пляцоўкі назірання за жураўлямі, а потым на ім адпраўляліся да поля, дзе карміліся птушкі. Сёлета іх вакол балота яшчэ нямнога.
Як тлумачыць дырэктар заказніка “Ельня“ Іван Барок з-за цёплага надвор’я птушкі яшчэ не спяшаюцца адлятаць у далёкую Афрыку, дарога да якой займае ў іх прыкладна тры дні.
На пляцоўцы экскурсанты папаўнялі свае веды пра птушак, іх звычкі і чакалі сваёй чаргі, каб паназіраць за жураўлямі праз біноклі і падзорныя трубы. Тыя, хто жадаў больш даведацца пра балота і яго насельнікаў, адпраўляўся ў візіт-цэнтр заказніка. Астатнія – на паўвостраў, дзе гаманіў натоўп, гучалі музыка і спевы, народ хадзіў па падвор’ях, частаваўся стравамі, дзівіўся майстэрству кухараў і рамеснікаў.
Па традыцыі кожны сельскі Савет па-асабліваму абсталяваў падвор’е, дзе расказаў гісторыю сваіх мясцін, распавёў пра лепшых працаўнікоў і мастацкія калектывы, прадэманстраваў здабыткі сялянскіх агародаў. І, вядома, жадаў пакарыць сэрцы наведвальнікаў багата накрытымі сталамі, дзе кожная страва мела адмысловы рэцэпт. Дапамагалі гаспадарам падвор’яў самадзейныя артысты.
На Язненскім шчыравалі шырока вядомыя народныя калектывы “Іставіца” і “Язынка”, гаспадыня балота Жада, а дзве спрытныя “даярачкі” прапаноўвалі латэрэю і забавы. На Дзісненскае вабілі спевы ансамбля народнай песні “Каліна” ды выстава работ рамеснікаў, побач з якой разбяр Уладзімір Майсяёнак выразаў пано – вінаградныя гронкі. На Павяцьеўскае заклікаў пах смажанага мяса – гатавалі парсючка і шашлык. На Узмёнскім падвор’і разлівалі “юшку з пеўня”, падавалі гарачыя шкваркі.
Свае падвор’і прадстаўлялі гаспадары сядзіб “Клённая” Тамара Касатая, “Сядзіба аратага” – Жабёнкі. Разгарнулі свае выставы мясцовыя і прыезджыя рамеснікі.
Але вось загучалі фанфары. На сцэну ўзняліся кіраўнік мясцовай улады Ігар Кузняцоў, генеральны дырэктар металапракатнага завода Пётр Шымуковіч, які выступіў спонсарам фестывалю, генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, кіраўнік дэлегацыі Крустпілскага краю Карліс Паберзэ.
Вітаючы ўсіх са святам, яны гаварылі пра значнасць аховы прыроды, развіццё міжнацыянальных сувязей. А потым былі падведзены вынікі аглядаў конкурсаў добраўпарадкавання вытворчых тэрыторый, сядзіб, лепшых старэйшынаў вёсак. Дзясяткі жыхароў Міёршчыны атрымалі граматы, падзячныя лісты і падарункі.
Падарункам жа для ўсіх удзельнікаў свята сталі канцэрты гасцей з Латвіі, беларускіх самадзейных і прафесіянальных артыстаў.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.