Автор: . Дата создания:

Па дарозе з Міёр на Друю, літаральна ў некалькіх метрах ад магістралі, стаіць велічны храм. Яго архітэктура, дагледжаная тэрыторыя заварожваюць. І не дзіўна, што машыны тут збаўляюць хуткасць – вадзіцелі і пасажыры хоць на хвілінку прыпыняюцца, каб палюбавацца на гэту прыгажосць. Адчуваецца, што мясцовыя жыхары любяць і берагуць сваю святыню. І не толькі яе. Пасёлак Ідолта па добраўпарадкаванні адзін з лепшых у Міёрскім раёне. Традыцыя трымаць у чысціні свае падвор’і, грамадскія месцы тут закладзена спрадвеку. Важная роля ў гэтым належыць кіраўнікам мясцовага сельгаспрадпрыемства, яго шэфам. За апошнія дзесяць гадоў цэнтральны будынак гаспадаркі змяніўся непазнавальна. З дапамогай канцэрна «Белнафтахім» была рэстаўрыравана сядзіба Іосіфа Мілаша, у якой размясцілася адміністрацыя ПУПКС «Міёрскі», па праграме будаўніцтва жылля на сяле ўзведзены 35 дамоў, якія ўтварылі некалькі прыгожых вуліц.

Актывізацыю работ па добраўпарадкаванні вяскоўцы звязваюць з цяперашнім кіраўніком сельгаспрадпрыемства Васілём Міхалківым. Кожны год мужчыны бяруць у рукі тапары і пілы, ачышчаюць ад хмызняку берагавую лінію возера Ідолта, вырубаюць кустоўе, якое наступае на вёску. Так на месцы былой зарослай пусткі з’явіўся сад. Яго агарадзілі і перадалі Мілашоўскай базавай школе. Паказваючы яго, аграном Дзмітрый Міхалкіў звяртаў увагу на багацце завязі на кожным з 450 дрэў, гаварыў, што ўжо сёлета сад дасць першы ўраджай, а ў наступныя можна будзе забяспечваць дзятву свежымі пладамі на працягу ўсяго года.

З другога боку канторы ўзнімаецца бярозавы гай, які заклалі вясной гэтага года.

Пасля ачысткі ад кустоў вачам адкрылася прыгажосць возера, стала добра бачная суседка Ідолты вёска Мілашова. Паміж сабой населеныя пункты звязаны драўляным мастком, які перакінуўся паміж берагамі ў самым вузкім месцы, на перашыйку. Паблізу на ідолцкім баку кіраўніцтва гаспадаркі мяркуе размясціць футбольнае поле, а на мілашоўскім пачата ўладкаванне месца адпачынку. Ачышчана пляцоўка, пастаўлена альтанка.

На ідолцкім беразе, на паўвостраве, атуленым колам стагадовых ліп, стаіць капліца, фамі-льны склеп паноў Мілашаў. І вакол яго пануе парадак: тэрыторыя дагледжана, трава скошана.

Тут дарэчы сказаць пра тое, як кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства захоўвае старыя пабудовы. Ля канторы засталіся будынкі былой панскай канюшні з цікавай каменнай кладкай. Цяпер іх рамантуюць, пакі-даючы калоны стагадовай даўніны. Адноўленыя склады ўдала ўпісваюцца ў комплекс забудовы ХІХ стагоддзя, які надае вёсцы свой каларыт.

А яшчэ Ідолта ўражвае колькасцю стаўкоў. На месцы кожнай забалочанай нізіны, якіх у вёсцы вельмі многа, як расказаў намеснік дырэктара Сяргей Гільніч, будзе сажалка. Дзевяць ужо зроблены, прылягаючая тэрыторыя да іх добраўпарадкавана, а самі яны зарыблены. Мясцовыя жыхары прыйшлі да дырэктара з прапановай запусціць у штучныя вадаёмы рыбу. Сабралі грошы, набылі малькоў карпа і таўсталобі-ка і запусцілі ў стаўкі.

Будаўніцтва іх працягваецца. Неўзабаве такі з’явіцца ля канторы, ідзе адсыпка і выраўніванне тэрыторыі яшчэ ў некалькіх месцах. А пасярэдзіне Ідолты ў разгары абсталяванне дзіцячай пляцоўкі. Ужо стаяць лавачкі, узняўся казачны домік.

– Здаецца, дзяцей у вёсцы нямнога, – патлумачыў Сяргей Гільніч.— Але ў сад бацькі запісалі 20 хлопчыкаў і дзяўчынак, ім таксама трэба мець пляцоўку для гульняў.

– А яшчэ мы задумалі заняцца аграэкатурызмам, – прадоўжыў расказ Дзмітрый Міхалкіў, калі мы праязджалі паўз дома, пабудаванага ў ХІХ ст. – Адрамантуем, падвядзём ваду, каналізацыю і будзем аказваць аздараўленчыя паслугі.

Агледзелі вуліцы Ідолты і Мілашова, палюбаваліся на шматлікія кветнікі, парадаваліся за людзей, якія абжываюць прэзідэнцкія домікі, узводзяць ля іх пабудовы, распрацоўваюць зямлю.

Гаспадарлівасць мясцовых жыхароў падкрэслівалі ўсе спецыялісты сельгаспрадпрыемства. Маўляў, практычна кожны трымае жывёлу, мае сад, калі не пчалапасеку, то некалькі калод абавязкова. Гледзячы на іх, і «Міёрскі» купіў 83 калоды, наняў спецыяліста і заняўся новай для сябе справай.

І апошні штрых знаёмства з Ідолтай. Увесь час нас суправаджаў гул трымера: ішло абкошванне травы па ўсім населеным пункце.

Фота Тамары Пашкевіч.