Автор: . Дата создания:

Віцебшчына багатая на валуны розных памераў і форм, якія тысячы гадоў таму прыйшлі да нас з ледавіком з Фінляндыі, Карэліі, ваколіц сучаснага Санкт-Пецярбурга.

Напрыклад, у Шумілінскім раёне, каля вёскі Горкі, знаходзіцца Вялікі камень – большага за яго на Беларусі няма. «Прышэлец» з Выбаргскага масіва мае даўжыню 10,6 м, шырыню – 5,3 м, вышыню над зямлёй – 3,7 м (схаваная ў глыб частка мае яшчэ 2 м). Спецыялісты падлічылі, што яго вага – 292 т. Гэты камень мае статус геалагічнага помніка рэспубліканскага значэння.

Але ёсць яшчэ шмат валуноў без афіцыйных званняў, ды не менш цікавых. Адзін з іх ляжыць каля самай дарогі Р15 Крычаў – Орша – Лепель на тэрыторыі Чашніцкага раёна недзе пасярэдзіне паміж знакамі, што пазначаюць 218-ы і 219-ы км. Недалёка знаходзіцца аўтобусны прыпынак вёскі Горы. Цікава, што назва сугучная з шумілінскім населеным пунктам, дзе прытуліўся старэйшы брат.

У 2007 годзе былая настаўніца з вёскі Кругліца Тамара Хадасевіч разам з вучнямі праводзіла краязнаўчыя даследванні. Пад увагу трапіў і прыдарожны камень. Яго шырыня 1,5 м, даўжыня – 2,3 м, вышыня над зямлёй – 1,54 м. Па мясцовай легендзе, ён меў назву Чортаў. Нібыта людзі маглі пакінуць на ноч каля валуна парванае адзенне, а раніцай яно ляжала адрамантаваным. Аднак заходзіць у царкву ў такой вопратцы было нельга, бо швы разыходзіліся прама на целе.

Так гэта ці не, сёння сказаць немагчыма. Але зараз вялізны кавалак гранітнай пароды прыцягвае ўвагу праязджаючых па дарозе. Некаторыя спыняюцца, каб сфатаграфавацца з цікавым аб’ектам прыроды.