Ён сталяр-станочнік і рэзчык па дрэве, пячнік другога разраду і выкладчык спецдысцыплін. Студэнтам даведаўшыся пра саламянае домабудаўніцтва, загарэўся ідэяй калі-небудзь займець такое ўласнае жыллё. Прывабіла, што для яго ацяплення патрэбна мінімум паліва. Падрыхтаваў курсавую працу па тэме, а пасля вучобы яшчэ 10 гадоў збіраў і аналізаваў інфармацыю пра саламяныя праекты.
І вось у ліпені 2013-га адважыўся ўзводзіць доўгачаканы дом з сонечнай саломы. Жартуе, што зрабіў крок у нікуды, першым з докшыцкіх дэбютаваўшы ў нязвыклым будаўнічым жанры. Жонка Яўгенія Пятроўна, бальнічная сястра-гаспадыня, сказала: “З чаго ні зробіш – у тым і будзем жыць, мая справа – наладзіць побыт”.
– Дрэва – мой любімы матэрыял. Драўляныя зрубы дамоў таксама даспадобы, толькі я ўпэўнены, што зараз пры іх вырабе не зважаюць на старадаўнія, правераныя часам тэхналогіі. Матэрыял, напрыклад, нарыхтоўваюць абы-калі. Ёсць і іншыя аргументы на карысць саламянага жылля.
На сцены аднаго, як мой, але драўлянага дома спатрэбілася б 100 кубаметраў лесу. Гэтага хопіць на ўзвядзенне некалькіх саламяных, бо на адзін плошчай у 100 кв. м ідзе толькі 10 кубаметраў піламатэрыялаў, – тлумачыць будаўнік з трыма дыпломамі.
– Наконт экалагічнасці гэтай сыравіны даведаўся, што саламянае сцябло – усяго толькі ліфт, які дастаўляе спажыўныя рэчывы коласу. Зрэшты, калі сумняваешся, можна набыць салому з палёў, куды ўносілі натуральнае ўгнаенне, – раіць Аляксандр Гапанёнак.
За паўдня напрасавалі 470 блокаў, спатрэбілася 450. Вага аднаго – каля 16 кг, даўжыня – 800 мм, вышыня – 400, таўшчыня – 500. Сцены перад атынкоўкай варта падстрыгчы, выраўняць “балгаркай”. Увосень звонку іх абмазалі змешанай з пяском глінай, дарэчы, здабытай пры капанні падвала. І здагадацца зараз, што гэтыя карычневыя сцены – з саломы, можна толькі добра прыгледзеўшыся: там-сям вытыркаюцца яе кончыкі. Чарнавы, супрацьпажарны слой. Хаця процьмай тэстаў, зробленых выпрабавальнікамі ў розных краінах, даказана: саламяныя блокі – надзейны напаўняльнік і ўцяпляльнік у будаўніцтве, у непрадбачаных выпадках толькі абвугліцца, але не згарыць. Паверх будзе накладзена яшчэ пара гліняна-вапнавых ці вапнавых слаёў. А франтоны тады не паспелі атынкаваць, яны год стаялі адкрытымі непагадзі, мышам. І нічога – салома не сапсавана, толькі крышку пашарэла.
Вокны – драўляныя шклопакеты. Драўляную столь зверху закладуць саламянымі блокамі, а такую ж падлогу знізу ўцепляць глінай з апілкамі.
На сценах, дзе размесцяцца кухонныя шафкі ці яшчэ што навеснае, як і пад батарэі, закладзены драўляныя брускі. На сямейным савеце саламяныя сцены знутры вырашана аздобіць дэкаратыўнай тынкоўкай, перагародкі між пакоямі – шпалерамі. Электраправодка схаваная, ёсць водаправод, усталяваны кольцы для каналізацыі.
Згодна з абмерамі БТІ карысная плошча дома складае 106 кв. м. Ён ацяпляецца печчу, якую гаспадар склаў уласнымі рукамі. У драўляным жа такой хапіла б на абагрэў толькі трэці плошчы.
– Яшчэ ў зале складу камін, печ застанецца запасным варыянтам. Любім з жонкай глядзець на жывое полымя, – працягвае экскурсію па сваім амаль гатовым доме гаспадар.
У кацельні будзе цвёрдапаліўны кацёл з цепланакапляльнікам на тысячу літраў вады. Змеявік з гэтай бочкі можна падключыць да сонечнага калектара, каб пры адпаведным надвор’і нават зімой атрымліваць цяпло ад промняў. У спёку ў доме было плюс 20 градусаў, Аляксандр Алегавіч начаваў не ў цаглянай аднапакаёўцы, якую часова здымае яго сям’я, а тут. Выдатна спіцца. Сябры жартуюць: дзе схаваў кандыцыянер? Сцены, кажа, і ёсць кандыцыянер.
– Каб не крэдытная лінія, куды мы ў 2011-м паспелі ўскочыць пад 1% на 40 гадоў, будоўля была б нашмат даўжэйшай па часе. Дзякуй дзяржаве. З умелай брыгадай хапіла б трох месяцаў, а калі падсумаваць усе мае будаўнічыя дні, то будзе нешта каля года. І год яшчэ трэба, каб давесці дом да ладу, – падлічыў Аляксандр Алегавіч.
Хаця ў Докшыцах некаторыя называюць яго дзіваком, аднадумцы ёсць у розных кутках Беларусі. Яны папулярызуюць саломабудаванне ўласным прыкладам. Недасведчаным такое жыллё ўяўляецца стогам з вокнамі і дзвярыма ці як у Ніф-Ніфа з казкі пра траіх парасят.
– А гэта, калі казаць правільна, каркасны дом з натуральным уцяпляльнікам. Мы правялі тут семінар для жадаючых. Адзін з яго ўдзельнікаў прывозіў жонку і сваячку. Кабеты пачалі піць валяр’янку пасля таго, як ён аб’явіў пра намер узвесці дом з саломы. Нарэшце пераканаліся: годны для жыцця і спрыяльны для здароўя, – смяецца Аляксандр Алегавіч.
Спецыялісты БТІ, афармляючы дакументы на будынак, таксама дзівіліся і не ведалі, да якога тыпу яго аднесці, бо ў іх класіфікацыі няма адпаведнага вызначэння.
– Мне 36 гадоў, сын – другакласнік, дачушка ў дзіцячым садку. Думаю, і праўнукі пажывуць у гэтым доме. Я эксперыментую на сваёй будоўлі, тут мая лабараторыя. А паслядоўнікам будзе куды прасцей.
Сёлета нарыхтавалі салому, каб зрабіць такі ж для сям’і майго малодшага брата Дзмітрыя ў Глыбокім. Тона каштавала 130 тыс. руб. Будзе прыменена паскораная тэхналогія, апрабаваная ў Расіі, Украіне, еўрапеўскіх краінах: матэрыялы рыхтуюцца на працягу месяца, а мантаж дома зойме ўсяго адзін дзень!
Фота Дзмітрыя Осіпава.