Напеў мілагучнай “Купалінкі” захапляе і зачароўвае, асабліва калі гучыць у выкананні гасцей з далёкай Венесуэлы. Музыканты з горада Каракас Эдзі Дзіяс і Нэльсан Гансалес прыехалі ў нашу краіну на некалькі дзён, каб прыняць удзел у пастаўскім фестывалі. Беларускім матывам яны ўпрыгожылі сваю фальклорную інструментальную кампазіцыю “Пахарыльё”. Пастаўчанам іх ідэя вельмі спадабалася.
Добрыя словы ў адрас гаспадароў выказвалі і прадстаўнікі іншых краін, якія завіталі ў мінулыя выхадныя ў Паставы на XVII Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Прыгожы, утульны горад-юбіляр, напярэдадні адсвяткаваўшы сваё 605-годдзе, гасцінна сустракаў удзельнікаў творчага форуму з розных абласцей нашай краіны, а таксама Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Славакіі, Венесуэлы, Малдовы і Грузіі.
Упершыню фестываль прайшоў у 1989 годзе ў Віцебску, адкуль праз два гады пераехаў у маляўнічы азёрны край, які славіцца багатай культурнай спадчынай. Напрыклад, гісторыя сведчыць пра выдатную выканальніцкую школу цымбалістаў вёскі Груздава – адзінага ў нашай краіне месца, дзе захаваліся самабытныя дыятанічныя цымбалы.
Хутка музычнае свята атрымала статус міжнароднага. На фестывальнай сцэне ў розны час выступалі і славутыя, і малавядомыя калектывы з 15 краін свету. Па словах ініцыятара і аўтара правядзення мерапрыемства ў Паставах, лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Тадэвуша Стружэцкага, штогадовая музычная сустрэча аматараў народнай музыкі не мае аналагаў у Беларусі. І гэтым трэба ганарыцца!
– Безумоўна, за 24 гады фестываль змяніўся, стаў паўнацэнным, адметным, творчым, – кажа Тадэвуш Іванавіч. – Пры гэтым галоўная наша задача па адраджэнні і папулярызацыі рэгіянальных музычных традыцый застаецца нязменнай. Многія знакамітыя зараз аматарскія калектывы Беларусі выступалі ў свой час на музычных пляцоўках Пастаў, менавіта тут пачынаўся іх творчы шлях. Мару аб тым, каб у наступным годзе пабачыць на адной сцэне лаўрэатаў усіх папярэдніх фестываляў. Якім цудоўным суквеццем талентаў запомніцца гэта юбілейная сустрэча!
Фестываль, які праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, Пастаўскага райвыканкама, за час свайго існавання сфарміраваў творчыя традыцыі, набыў шматлікіх прыхільнікаў і апантаных энтузіастаў, стаў асаблівай з’явай у культурным жыцці краіны, вобласці, раёна.
Нязменным застаецца конкурс калектываў і выканаўцаў музыкі на народных інструментах “Хто каго?”, які дапамагае ўдзельнікам найбольш яскрава праявіць свае здольнасці.
Падчас традыцыйнай прэс-канференцыі з кіраўнікамі дэлегацый, членамі аргкамітэта і прадстаўнікамі СМІ старшыня Пастаўскага райвыканкама Віктар Гутараў адзначыў, што дзякуючы міжнароднаму фестывалю горад, у якім пражывае каля 20 тысяч чалавек, добра вядомы ў Беларусі і далёка за яе межамі. Вялікую ўвагу мясцовыя ўлады надаюць арганізацыі спрыяльных умоў для развіцця бізнесу, культуры, узаемаадносін з 11 гарадамі-пабрацімамі ў розных галінах дзейнасці.
На ўрачыстым адкрыцці новых музейных экспазіцый філіяла раённага краязнаўчага музея ў палацы Тызенгаўзаў навуковы супрацоўнік Таццяна Гарошка распавяла гасцям фестывалю пра графа Канстанціна Тызенгаўза, які з’яўляўся ганаровым членам шматлікіх навуковых суполак Еўропы. Ён сабраў калекцыю, у якой налічвалася больш за 3 тысячы каштоўных экспанатаў. Больш падрабязна пра спадчыну графаў Тызенгаўзаў у Літве і Беларусі, а таксама пра ўнікальны дакументальны фільм, зняты ў 1907 годзе пра Санкт-Пецярбургскую кавалерыйскую школу ў Паставах, фотаздымкі, рэчы часоў Першай сусветнай вайны, вялікі габелен, падораны стараннаму выпускніку школы пастаўчаніну Аляксандру Атвалку і пра іншыя цікавыя экспанаты чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў газеты.
На развітанне супрацоўнікі музея правялі цікавую віктарыну, пераможцаў якой чакалі падарункі. Усім удзельнікам свята прапанавалі паласавацца сырам “Тызенгаўз”, які выпускае мясцовы малочны завод. А ў гэты час на ганку старадаўняга палаца пачыналася тэатралізаванае прадстаўленне “Музыка беларускіх палацаў і сядзіб” з удзелам дзяржаўнага ансамбля салістаў Белдзяржфілармоніі “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Уладзіміра Байдава.
У суботу на плошчы імя Леніна працаваў “Горад майстроў” дзе можна было набыць вырабы ўмельцаў. Запрашаў гасцей паспытаць стравы народны клуб “Прысмакі” Ушацкага раёна. На стале былі і бліны, і печыва, і дамашнія напоі. – Адразу бачна, гаспадыні добрыя, умеюць смачна гатаваць. У святочнай праграмме таксама было тэатралізаванае мерапрыемства для дзяцей і падлеткаў, канцэрт народных калектываў Пастаўшчыны, агляд-конкурс сельскіх падворкаў.
Увечары адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю “Кірмаш народных талентаў”, на якім прысутнічаў намеснік Міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік. Свята прадоўжылі музычна-тэатралізаванае прадстаўленне “Пастаўскі баль” з удзелам замежных калектываў, выступленне тэатра агню “Магратэя”, святочны феерверк.
Другі дзень фестывалю быў не менш цікавым. Уразіла тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў і заключны гала-канцэрт, дзе выступалі пераможцы конкурсу “Хто каго?”.
…І вось прыйшоў час развітацца, раз’язджаючыся, госці абяцалі сустрэцца зноў праз год. І кожны вёз з сабой сувенір, які будзе доўга напамінаць пра гасціннасць, ветлівасць жыхароў пастаўскага краю.
На фота:
Народны клуб “Прысмакі” Ушацкага раёна
Венесуэльскія музыкі.
Пастаўскія “Непаседы”
Удзельнікі фестывалю
Фота Дзіяны Берніковіч