Автор: . Дата создания:

Канешне, гэта нялёгкі хлеб, але ж затое дыхаць тут лёгка, – адзначаюць удзельнікі конкурсу – 12 маладых сямей з 12 раёнаў Віцебшчыны. У мінулы аўторак іх гасцінна прымала Верхнядзвіншчына, дзе адбыўся абласны этап праекта БРСМ «Уладар сяла», які вызначае сабе за мэту падтрымку моладзі ў малых населеных пунктах, яе замацаванне, ушанаванне сямейных каштоўнасцей ды арганізацыю вольнага часу на вёсцы. Напярэдадні прайшлі раённыя этапы, так што ў Верхнядзвінску журы пабачыла лепшых прадстаўнікоў з розных куточкаў прыдзвінскага краю. І сапраўды, вызначыць сярод іх уладара аказалася няпроста.

Падчас свята маладыя сем’і прадэманстравалі сваё майстэрства: разам піліць і калоць дровы, запрагаць каня, гатаваць дранікі, падтрымліваць адзін аднаго ў спартыўных выпрабаваннях і на сцэне, вітаць гасцей на стылізаваным падворку. Самі ж удзельнікі прызналіся, што некаторыя конкурсы даліся няпроста, бо на вёсцы ўжо даўно з дровамі спраўляецца бензапіла «Дружба», а замест каня на агародах шчыруе трактар. Але ж уменні, атрыманыя ад дзядоў і бацькоў, засталіся. І хоць на дапамогу сялянам сёння прый-шла техніка, працаваць даводзіцца не менш: «усё сваё» на стале даецца няпроста. Тым не менш такое жыццё нашым героям падабаецца, і мяняць вёску на горад яны не спяшаюцца, прыво-дзячы жалезныя довады: уласная хата з усімі камунікацыямі, блізкасць да прыроды, карыснае для здароўя дзяцей асяроддзе, шырокі абшар, супакой і людзі, якія бліжэй адзін да аднаго, разам працуюць і адпачываюць.

Вельмі важна і тое, што гэтыя маладыя сем’і берагуць традыцыі продкаў і ствараюць свае. Напрыклад, сям’я Міхно з Лепельшчыны ў нядзелю гатуе клёцкі па мясцовым рэцэпце, сям’я Несцяронкаў з Бешанковіцкага раёна зладзіла дрэва жаданняў для гасцей, а Рамановічы з Шаркаўшчынскага вядуць сваё радаводнае дрэва. Дарэчы, па выніках насычанай конкурснай праграмы менавіта Аляксандр і Вольга Рамановічы сталі пераможцамі абласнога этапу. Другое месца ў шматдзетнай сям’і Салавых з Верхнядзвінскага раёна, трэцяе – у сям’і Сергуноў з Браслаўшчыны. Акрамя таго, самай спрытнай у спартыўнай эстафеце і конкурсе «Па дровы» аказалася сям’я Сухоўскіх з Міёршчыны, у вясковай эстафеце – Цімашковых з Дубровенскага раёна, «Лепшы сельскі падворак», па меркаванні журы, у Кушняровых з Лёзненшчыны і Камовічаў з Ушаччыны. Але ж без увагі і падарункаў ніхто з
удзельнікаў не застаўся дзякуючы галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, абласному камітэту БРСМ, аб’яднанню «Белая Русь», віцебскім абласным аддзяленням Беларускага фонду міру, Чырвонага крыжа, абласному камітэту прафкама АПК, Верхнядзвінскаму райвыканкаму.

– Гэты конкурс дае магчымасць маладым сем’ям, вясковай моладзі паказаць сябе, дапамагае жыць цікава і насычана, да таго ж умацоўвае кадры на сяле. Такой моладдзю сапраўды можна ганарыцца, – лічыць начальнік аддзела арганізацыйнай і прававой работы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Станіслаў Грэбнеў.

– А яшчэ конкурс папаўняе ўласную гаспадарку, – з усмешкай кажуць пераможцы Рамановічы. – У мінулым годзе на раённым этапе ў якасці падарунка атрымалі быка Борку, а тут галоўным прызам аказалася ягня!

Дарэчы, яго перадала КУСГП «Асвейскі». Да таго ж у маладой сям’і гадуюцца куры, гусі, трусы, свінні. На падворку «прэзідэнцкага» дома, дзе жывуць шэсць гадоў, усё патанае ў кветках, нядаўна зладзілі лазню, развялі пчол. З дзяцінства да прыгажосці і працы прывучаюцца і дзве дачкі: пяцігадовая Каця і амаль трохгадовая Ганначка. Аляксандр – электрык Шаркаўшчынскага РЭСа, ён хлопец мясцовы, а Вольга прыехала па размеркаванні ў КУПСГП імя Маркава, дзе працуе юрыстам. Ажаніліся і засталіся ў Радзюках, разам будуюць жыццё і праслаўляюць свой аграгарадок.

Фота Вольгі Маслоўскай.