Автор: . Дата создания:

Роўна 80 гадоў таму народны паэт Беларусі Янка Купала атрымаў сваё новае лецішча ў вёсцы Ляўкі на Аршаншчыне.

Пра гэты маляўнічы куток на беразе Дняпра ўжо столькі пісана-перапісана, і ўсё роўна, які б раз ні трапляў сюды, знаёмлюся з мемарыяльным запаведнікам быццам бы першы раз. Да таго ж ёсць нагода: зараз адбываецца поўная змена экспазіцыі гэтага філіяла літаратурнага музея паэта. А гісторыя прыгожага кутка наступная. Пабываўшы ў гэтых мясцінах у творчай камандзіроўцы, Купала быў зачараваны прыгажосцю аршанскага краю і загарэўся летуценнямі пра ўласны куток тут. Яны хутка спраўдзіліся. Пакуль не пабудавалі ўласнае жытло, жыў у гасціннай сям’і ляснічага Шыманскага. Самае цікавае, што праект паэт рабіў сам і трымаў яго ў тайне. Хацеў зрабіць сюрпрыз сваёй жонцы. Нарэшце ў тым жа 1935-м, калі і распачалося, будаўніцтва было скончана.

Паэт жыў і тварыў тут з ранняй вясны і да позняй восені. Мясцовы люд згадваў яго толькі добрым словам. Іван Дамінікавіч запомніўся апантаным рыбаком, які, калі бачыў ватагу дзятвы, выпытваў, што яны праходзілі ў школе. Жонка ж, Уладзіслава Францаўна, частавала малечу печывам і цукеркамі. Каля хаты былі зроблены градкі для гародніны, усё патанала ў кветках.

У ліпені 1941-га ў час жорсткіх баёў пабудова згарэла ад нямецкага абстрэлу з другога берага Дняпра: Купала ў гэты час ужо выехаў. У 1945 годзе было прынята рашэнне пра заснаванне філіяла літаратурнага музея. Тады ён быў на грамадскіх пачатках пры лясніцтве, дзе займаў невялічкі кабінет. Напрыканцы 1970-х стварылі сталую экспазіцыю.

А ў 1978-м яму быў нададзены статус мемарыяльнага запаведніка з агульнай плошчай 19 гектараў. У 1982 годзе дом быў адноўлены. Прычым праект рэканструкцыі зрабіў пляменнік Янкі Купалы Янка Раманоўскі. Усё ўнутры, як было пры песняры Беларусі. Хаця, кажуць, Купала жыў больш сціпла. Вышытыя сурвэткі-дыванкі музею падаравала ўдава творцы, некаторыя асабістыя рэчы – Шыманскія. Вось стол, за якім ён працаваў, барометр, прыёмнік…

Захаваўся будынак былой канторы  лясніцтва, дзе Купала спыняўся ў 1930-х. У пазнейшыя часы яно пераехала ў Копысь. Будзе адноўлена тая абстаноўка, якая была пры жыцці паэта. Дакладней, яго ляўкоўскага перыяду. Тут напісаны многія вядомыя творы, у тым ліку «Хлопчык і лётчык», які так падабаўся ў дзяцінстве Юрыю Гагарыну.

Асобная тэма пра самы цікавы рарытэт комплексу – гараж з аўто. Знакамітая «эмка» была выдзелена паэту ўрадам у сувязі з 30-годдзем творчай дзейнасці.

Потым, калі ў 1939-м згодна з вядомым зараз пактам Молатава – Рыбентропа адбыўся падзел Другой Рэчы Паспалітай, машыну рэквізавалі на вайсковыя патрэбы. Замест яе потым Янка Купала атрымаў шыкоўнае трафейнае «Шэўрале» з уласным кіроўцам. Праўда, некаторыя мяркуюць, што Ляўкі былі неафіцыйнай ссылкай і гэты чалавек быў прыстаўлены назіраць за геніем. Прыгадвалі, што дарога да Ляўкоў да вайны была надта кепская, і калі чакалі ў госці знакамітага суседа, ля самага выбоістага месца дзяжурыў трактар, каб выцягнуць у выпадку чаго машыну паэта. На гэтым аўтамабілі ў чэрвені 1941-га спачатку прыехаў з палаючага Мінска ў Ляўкі, а праз колькі дзён выехаў у эвакуацыю з жонкай і сёстрамі ўглыб Расіі: праз Маскву у Татарстан, вёску Пячышчы каля Казані. Калі паэт загінуў у 1942-м, аўтамабіль быў у гэтым сяле. У 1944-м машыну прыгналі ў Беларусь. Была ў Мінску пры Міністэрстве культуры, а ў 1982 годзе аўто вярнулася ў Ляўкі сваёй хадой.

Уздымаюцца пытанні наконт перадачы рарытэта ў Мінск. Сваё імкненне прыхільнікі такога кроку тлумачаць, што тады, маўляў, большая колькасць людзей зможа ўбачыць сведку гісторыі. Дзякуй Богу, пакуль гэтага не адбылося.

Прыцягвае ўвагу помнік «Восень паэта» скульптара Анатоля Анікейчыка, якога вельмі цікавіла купалаўская тэма. Многія даследчыкі, дарэчы, лічаць гэты помнік самым удалым з усіх існуючых. Развітанне з той, якая нарадзіла, і зямлёй, дзе нарадзіўся. Калі глядзіш на скульптуру, міжволі ўзгадваецца твор іншага нашага славутага земляка – паланэз «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага.

P. S. А яшчэ не вельмі прыемнае назіранне. Як адзначаюць музейныя работнікі, часцей за ўсё да іх прыязджаюць госці са Смаленска, Магілёва, Шклова. Дзіва, аднак кепска наведваюць свае, аршанцы! Хочацца верыць, што яны «выправяцца» і з уводам новай экспазіцыі сітуацыя зменіцца. Бо такія мясціны лепш за ўсялякія падручнікі вучаць любові да малой радзімы.

Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА.