Як дарагіх гасцей сустракалі лепельчане навукоўцаў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Полацкага ўніверсітэта, ВДУ імя П.Машэрава, Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта, народных майстроў з нашай вобласці і іншых регіёнаў Беларусі. Сярод іх былі і знакамітыя асобы – дактары мастацтвазнаўства, прафесары Рыгор Шаура і Яўген Сахута. Яўген Міхайлавіч, да таго ж, з’яўляецца і старшынёй Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Тым больш важкай здаецца тая ацэнка, якую атрымалі лепельчане за шанаванне бацькоўскай спадчыны, традыцый і вялікую работу па іх адраджэнні.
Падчас мерапрыемства былі падведзены вынікі абласнога конкурсу “Традыцыі і будучыня” . Пераможцаў у розных намінацыях было шмат, а вось дыплом Гран-пры па праве дастаўся лепельскаму Дому рамёстваў. Акрамя таго, калектыў узнагароджаны Ганаровай граматай упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама за захаванне нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны і развіццё традыцый, актыўны ўдзел у правядзенні рэспубліканскіх і абласных культурных мерапрыемстваў.