Падведзены вынікі турніру народных побытавых танцаў, які адбыўся падчас “Славянскага базара ў Віцебску”.
Харэаграфічны конкурс з асаблівым нацыянальным каларытам сабраў больш за сотню ўдзельнікаў з розных куткоў Віцебшчыны. Аматары і знаўцы аўтэнтычных танцаў спаборнічалі ў розных намінацыях і ўзроставых катэгорыях. Кожная пара, выконвая «Каханачку», «На рэчаньку», «Ночку», «Суботу», «Ойру», кракавяк, падэспань, павінна была не толькі дакладна прадэманстраваць класічныя элементы, але і перадаць іх мясцовыя асаблівасці.
Акрамя таго, на плошчы Свабоды ў абласным цэнтры прайшлі батлы салістаў, якія імправізавалі пад «Барыню» і «Жабку», а таксама бітва карагодаў.
Гран-пры турніру журы прысудзіла Яўгену Акулічу і Веры Леднік з Віцебскага раёна.
Спецыяльны прыз атрымаў глыбоцкі Народны тэатр фальклору “Цярэшка» пад кіраўніцтвам Наталлі Нікіфаровіч. Лепшымі ва ўзроставай катэгорыі ад 16 да 30 год сталі Георг Чарных і Вікторыя Пугач з Віцебска. Сярод удзельнікаў ад 30 да 50 год перамаглі Мікалай Сушкевіч і Таццяна Спаткай з Талачыншчыны. Прадстаўнікі Шумілінскага раёна Уладзімір Мулькоў і Ганна Курыленка занялі першае месца самых вопытных танцораў (70+).
Адметна імправізавалі ў батле «Барыня» Аляксандр Усцінаў і Валянціна Замастоцкая з Лёзненшчыны, Валерый Гайко з Аленай Ядрэўскай (Бешанковічы). «Жабка» вылучыла Аляксандра Усцінава з Лёзненскага раёна і Барыса Зайца з Глыбоцкага.
Самы прыгожы і стройны карагод прадэманстраваў Расонскі калектыў «Крыніца», а найвыдатнейшая кадрыля атрымалася ў харэаграфічнай группы ансамбля песні і танца «Перапёлачка» гімназіі № 3 Віцебска.
Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА.