Автор: . Дата создания:

Найстарэйшы ў краіне Міжнародны фестываль традыцыйнага мастацтва “Браслаўскія зарніцы” адсвяткаваў сваё 50-годдзе. Мерапрыемствы праходзілі ў некалькі этапаў і закончыліся грандыёзнай праграмай, насычанай значнымі для горада падзеямі, знаёмствам з творчасцю і ўзаемаабагачэннем розных культур.

Задоўга да свята горад пачаў набываць новае аблічча, упрыгожваць будынкі і вуліцы насценнымі малюнкамі, падстаўкамі і дэкаратыўнымі кашпо для кветак, малымі архітэктурнымі формамі. Гасцей сустракалі, акрамя беларусаў, з шасці краін свету – Расіі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі і Арменіі. Сярод прысутных былі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцеў, намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Шэршань, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік.

Асамблея сабрала сяброў

Мастацкія калектывы з Польшчы ўжо ў пятніцу, 26 мая, выступілі з канцэртамі па раёне. У Браславе ж фестывальныя мерапрыемствы пачаліся ў суботу і праходзілі на сямі пляцоўках. Першай адбылася “Харавая асамблея”, якая была арганізавана  ў шосты раз. Памерацца ў дасканаласці майстэрства на яе прыехалі 6 дзіцячых і 22 дарослыя хары, прычым дзіцячыя – упершыню.

Паглядзець на віцебскіх харыстаў і паказаць сябе пажадалі спевакі з Магілёўскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей. Журы на чале з Мікалаем Пашынскім выпала няпростая задача вызначыць лепшых. Сярод дзіцячых ім стаў узорны харавы калектыў Ушацкай школы мастацтваў, сярод дарослых у намінацыі “Акадэмічныя спевы” першыя месцы атрымалі народны моладзевы хор з Віцебска і народны жаночы хор педагогаў СШ №3 Новаполацка, у намінацыі “Народныя спевы” – хор народнай песні “Рэчанька” Наваполацкага музычнага каледжа. Гран-пры дастаўся заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь “Світанак” з Магілёўскага раёна.

Пазней усе хары сталі ўдзельнікамі далейшых мерапрыемстваў, зліліся ў адзін калектыў, каб разам у песні ўславіць Беларусь на гала-канцэрце.

Сімвал дружбы і партнёрства

Так назваў яхт-школу “Ветразь сяброўства”, якую адкрылі ў рамках “Браслаўскіх зарніц” старшыня Браслаўскага райвыканкама Уладзімір Дранеўскі. Вяртанне гораду гэтага прыгожага віду спорту стала магчымым дзякуючы агульным старанням раённай улады, Пасольства Польшчы ў Беларусі і аблвыканкама. Разам яны змаглі адрадзіць яхцінг, які квітнеў на Браслаўшчыне ў даваенны час. На сродкі польскага пасольства набытыя катар, вучэбныя лодкі, рыштунак і амуніцыя, пабудаваны ангар для іх захоўвання, абсталяваны прычал.

Гэты праект выйшаў за мяжы малых грантаў. На яго рэалізацыю, па словах Конрада Паўліка, спатрэбілася каля 100 тысяч еўра. Ветразевая школа, выказваў спадзяванне госць, паспрыяе развіццю актыўнага адпачынку дзяцей і моладзі, стане прыцягальным месцам для турыстаў з іншых рэгіёнаў.

Памятны знак, як сімвал

Непасрэдны старт святочным мерапрыемствам дало адкрыццё памятнага знака “Браслаўскіх зарніц”.

– Шар – сімвал гасціннасці і адкрытасці Браслаўшчыны, – патлумачыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. – Фестываль аб’ядноўвае выканаўцаў, дэлегацыі і краіны і яшчэ раз пацвярджае, што няма ў жыцці нічога больш важнага, чым мір і сяброўства. Браслаў заўсёды будзе цэнтрам творчасці і горадам братэрства.

Гэтую ідэю падмацавалі танцоры ў агульнай кампазіцыі пад назвай “У кожным пялёстку – гасціннасць і творчасць”. Яна знайшла працяг і ў тэатралізаваным прадстаўленні “Сем краін, сем колераў сяброўства”, якое разгарнулася на цэнтральнай плошчы горада.

Дарэчы, сёлетнія “Браслаўскія зарніцы” былі багатыя на тэатралізаваныя пастаноўкі. Іх паказвалі ў лесапарку “Леснічоўка” – традыцыйным месцы правядзення фестывалю, падчас якіх нагадалі гледачам гісторыю горада, узнікнення і развіцця форуму, што год ад года набіраў размах, павышаў статус. Арганічна ў ход дзейства ўлілося ўзнагароджанне тых, хто стаяў ля вытокаў мерапрыемства, многа сіл паклаў на іх развіццё.

Нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь адзначана Ніна Пучынская, Падзякай – народны ансамбль песні “На панадворку”, загадчыца музея традыцыйнай культуры Эла Зінкевіч, Ганаровай граматай аблвыканкама – народны клуб “Ля возера”, Падзякай старшыні -- дырэктар Відзаўскага ДК Ганна Павініч, Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў – раённае аб’яднанне музеяў, раённага Савета дэпутатаў -- былая загадчыца аддзела культуры Валянціна Вашчанка, Падзякай старшыні райвыканкама – народны ансамбль беларускай песні “Сябрына”.

Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў, што Браслаў паспяхова захоўвае традыцыі народа, за што заслугоўвае павагу.

У гэты вечар гледачы прывіталі шматлікія дэлегацыі, гаспадары сустрэлі іх хлебам-соллю, усе разам паглядзелі выступленне польскага ансамбля.

З мячом Брачыслава

А надвячоркам зазвінела зброя, заззялі паходні на Замкавай гары, дзе распачалося свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”. Дзякуючы клубам гістарычнай рэканструкцыі прысутныя змаглі апынуцца ў далёкім мінулым, паглядзець на посуд, якім карысталіся нашы продкі, на іх вопратку, падзівіцца, як яны шылі з дапамогай іголкі, зробленай з рыбнай косткі, ці пралі кудзелю на верацяне.

Перад гледачамі прайшлі віцебскі “Варгенторн” і “Нагльфар”, мінскія “Вір”, “Труварынг” і “Bows Club”, “Хегевальд” з Гродна, “Дайнава” з Ліды, “Жалезны жолудзь” з Брэста, клубы з Літвы, Латвіі, Польшчы… Спачатку яны паказалі, як людзі даўней здабывалі агонь, а пазней – бой па ўзяцці крэпасці. Відовішча захапляючае, цікавае і пазнавальнае. Вядучыя нагадалі прысутным гісторыю горада-крэпасці, расказалі пра зброю і тактыку асады падобных збудаванняў.

Таксама можна было навучыцца старадаўнім танцам, песням, гульням, падсілкавацца стравамі польскай кухні, якімі шчодра частавалі прысутных на пікніку, бавіць час да апоўначы, пакуль неба не расфарбаваў святочны салют.

Няма межаў гасціннасці нашай

Такім быў дэвіз другога дня фестывалю, які гаспадары апраўдалі ў поўнай меры.

Той, хто прыйшоў у нядзелю ў лесапарк, меў шырокі выбар для заняткаў. Для дзяцей працавалі майстар-класы па рукадзеллі, лепцы з цеста, вырабе кветак, атракцыёны. Выхаванцы школы мастацтваў і цэнтра дзяцей і моладзі дэманстравалі свае таленты на малой сцэне, работнікі бібліятэкі раздавалі часопісы выдавецкага дома “Віта”.

Шахматысты з Браслава, Глыбокага, Пастаў і Ушач сышліся ў баталіях, “Браслаўрыба” і хлебазавод частавалі сваёй прадукцыяй, кухары гатавалі юшку, рамеснікі дэманстравалі ўласныя работы, працавалі гандлёвыя рады. Заключным акордам форуму стаў гала-канцэрт. Хуткія мелодыі і танцы змяняліся лірычнымі, народныя песні – сучаснымі. У гэтым карагодзе талентаў вірыла жыццё сямі народаў.

Фота Дзмітрыя ОСІПАВА і Тамары ПАШКЕВІЧ.