Автор: . Дата создания:

Цяжэйшыя лёсавызначальныя моманты з гісторыі беларускага народа ляглі ў аснову выставачнага праекта «Час выпрабаванняў», які прапануе Музей гісторыі і культуры Наваполацка. Многія ўнікальныя экспанаты выстаўляюцца ўпершыню.

 

Рэдкія фота, дакументы, друкаваныя выданні тых гадоў распавядаюць пра жыццё народа Заходняй Беларусі 1920 – 1930-х гадоў, якая ўваходзіла ў склад Польшчы. Тут можна таксама ўбачыць фотаздымкі беларусаў, якія служылі ў польскай арміі, іх асабістыя рэчы. У параўнанні пададзены моманты з жыцця жыхароў Усходняй Беларусі – быт сялянскага падворка, праца калгасаў, высяленне сялян з хутара ў 1930-я гады і інш. Глядач заўважае адрозненні ва ўставе жыцця сялян і гараджан з дзвюх частак краіны, гэта бачна нават у якасці фота. Тут жа матэрыялы, што распавядаюць пра з’яднанне Беларусі 17 верасня 1939-га.

Асобная серыя экспанатаў раскрывае зверствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў і супрацьстаянне партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі ў рэгіёне і былі злучаны з вязнямі лагераў для ваеннапалонных. Цікавасць выклікаюць вайсковыя дакументы, часткі зброі, амуніцыя: кацялок камандзіра партызанскай брыгады К. Варашылава Дзмітрыя Цябута, планшэт камандзіра партызанскай брыгады «Няўлоўныя» Міхаіла Пруднікава, кашалёк медсястры 3-й Беларускай брыгады Надзеі Крупінай і іншыя рэчы з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Нікога не пакінуць абыякавым скрываўленая роба вязня концлагера, малюнкі вязняў лагера Шталаг № 354 – партызан-мастакоў Мікалая Абрыньбы і Мікалая Гуціева. Сярод экспанатаў – нямецкія каска, кабура ад пісталета, пілотка, салдацкая лыжка, усё гэта суправаджаецца фотахронікай.

Асобны блок праекта складае выстава «Нюрнбергскі працэс. Погляд з Масквы», прадастаўленая музеем Перамогі на Паклоннай гары ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва.

– Выставачны праект прымеркаваны адразу да трох знакавых падзей – Дня народнага адзінства, Года міру і стварэння і 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Абрыньбы. Тут раскрываецца гісторыя на прыкладзе лёсаў асобных людзей, у тым ліку жыхароў вёсак, на тэрыторыі якіх пабудаваны Наваполацк. Праект закліканы супрацьстаяць перакручванню гістарычнай праўды, – адзначыў навуковы супрацоўнік музея Валерый Леднік.

Фота Таццяны САЛАЎЁВАЙ