Автор: . Дата создания:

Па выніках мінулага года дыплом аблвыканкама лепшаму сельскаму Дому культуры ўручаны Вусцянскаму ДК Аршанскага раёна. Акрамя таго, тутэйшы народны ансамбль народнай музыкі і песні «Гагарынскія музыкі» ўзяў Гран-пры абласнога агляду-конкурсу творчасці аграрнай моладзі ў рамках фестывалю «Дажынкі-2014» у Гарадку.

Цікава, што абодвума пераможцамі кіруе малады крэатыўны чалавек – дырэктар Дома культуры Аляксей Сімаш. Вось ужо 13 гадоў ён у гэтай сферы: першыя пяць – мастацкім кіраўніком установы, а потым яе ж і ўзначаліў.

Увесь кабінет Аляксея патанае ў дыпломах, атрыманых за паспяховыя выступленні на ўсемагчымых конкурсах і фестывалях. Установа (а яна занесена на раённую Дошку гонару) у выніку рэструктурызацыі зараз з’яўляецца філіялам Дома культуры мястэчка Балбасава, мае 10 калектываў. Гэта дзіцячая эстрадная студыя «Юла», дарослы ВІА, тэатральны гурток «МіМ», аматарскае аб’яднанне «Клуб маладой сям’і «Свабодны стыль» і інш. Дарэчы, дзіцячы ансамбль летась у Докшыцах заняў 2-е месца на абласным аглядзе-конкурсе вакальна-інструментальных ансамбляў.

А вось традыцыйныя вечарыны-дыскатэкі, за выключэннем Новага года ды Купалля, канстатуе дырэктар, сыходзяць у мінулае: толькі маленькія дзеткі кожны тыдзень выплёскваюць сваю энергію на музычных мерапрыемствах, а старэйшым гэта ўжо нецікава, іх больш прыцягвае камп’ютар ды іншыя электронныя «цацкі». Што рабіць? Адказ у Вусцянскім Доме культуры знайшлі ў арганізацыі новых форм працы. Напрыклад, па суботах моладзь з задавальненнем прыходзіць на псіхалагічную гульню «Мафія». Перад яе удзельнікамі, якія садзяцца ў кола і атрымліваюць карткі, стаіць задача высветліць, хто мафіёзі, а хто мірны жыхар. Гульня захоплівае: досыць толькі паспрабаваць адзін раз, каб потым стаць сталым гульцом. Самі арганізатары нават не чакалі, што навінка стане такой папулярнай.

Ансамбль «Гагарынскія музыкі» – гэта асаблівая частка вусцянскага культурнага жыцця. Яго ў 2003-м стварылі маладыя хлопцы, якім тады было ад 12 да 22 гадоў. А касмічная назва тлумачыцца вельмі проста: усе ўдзельнікі калектыву жылі на вуліцы Гагарына на ўездзе ў вёску.

У рэпертуары, вядома ж, народныя песні. Музыкі стараюцца нават шлягерныя эстрадныя кампазіцыі перакласці на народны лад. Гэта вельмі падабаецца ўдзячным слухачам. Уласныя распрацоўкі Аляксей Сімаш робіць разам з мастацкім кіраўніком Дома культуры Ігарам Крыштаховічам. Цікава, што ў адрозненне ад дырэктара, які вучыўся ў Віцебску, апошні скончыў Магілёўскі каледж мастацтваў. Як жартуюць хлопцы, у выніку змяшэння розных школ атрымліваецца свая, прамежкавая, «аршанска-вусцянская». Ёсць і акапэльныя спевы, асабліва складаныя для вакалістаў.

У 2008 годзе «Гагарынскія музыкі» перамаглі на раённым конкурсе «Грай, гармонік!» у Зубаве, заваявалі права ўдзельнічаць у тэлепраекце АНТ «Песні маёй краіны». Калектыў – часты госць у розных населеных пунктах Аршаншчыны, пастаянны ўдзельнік розных мерапрыемстваў у самім райцэнтры. Бываюць перыяды, калі амаль штодня даводзіцца выходзіць на сцэну. Хлопцы (а калектыў прынцыпова мужчынскі) спрабавалі сілы ў конкурсе на лепшы рэмэйк песень славутага ўкраінскага гурта «Воплі Відаплясава», выступалі на пляцоўках «Славянскага базару ў Віцебску», у іншых мясцінах вобласці.

Пакрысе самадзейныя артысты пераадолелі і межы нашай краіны. Напрыклад, удзельнічалі ў кірмашах гандлёва-прамысловай палаты ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Зусім нядаўна ездзілі на межрэгіянальны фестываль мастацкай творчасці ў Смаленску, дзе таксама былі калектывы з Расіі, Сербіі, Эстоніі. Цэлы тыдзень удзельнічалі ў канцэртах на розных пляцоўках братняга горада, у тым ліку і на гала-канцэрце, дзе выступалі разам з вядомымі расійскімі выканаўцамі. Пасля адправіліся на свята горада ў Вязьму ў рамках культурнага абмену, дзе прадставілі сваю праграму.

Шкада толькі, што з-за недастатковага фінансавання амаль усе музычныя інструменты набыты за свае сродкі членамі калектыву. Але, між тым, трэба падзякаваць раённым уладам, якія нядаўна выдаткавалі грошы на пашыў у спецыяльным мінскім атэлье (там, дарэчы, робяць сабе абноўкі вядучыя канцэртныя ансамблі краіны) новых сцэнічных строяў.

Дом культуры – гэта глыток свежага паветра для жыхароў аграгарадка. Зараз, трэба прызнаць, мала моладзі шчыруе на ніве вясковай культуры. Выпускнікі навучальных устаноў часта, «адбыўшы» належны тэрмін пасля размеркавання, імкнуцца перабрацца куды-небудзь у горад. І вельмі добра, што ў Вусці гэтая кепская завядзёнка не спрацоўвае з маладым крэатыўным дырэктарам, які згуртаваў вакол сябе калектыў аднадумцаў, сапраўдных патрыётаў сваёй малой радзімы.

Фото Антона Степанищева ( Второе фото)