Автор: . Дата создания:

На некалькі дзён Глыбокае пераўтварылася ў вялікую музычную пляцоўку, сабраўшы прадстаўнікоў  Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Латвіі, Партугаліі, Беларусі. На Глыбоччыне адбыўся другі міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй-2018”.

З яскравым сузор’ем талентаў, музычных напеваў, нацыянальных культур параўнала гэтую творчую сустрэчу намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Тарасевіч.

Адным з самых запамінальных момантаў  свята стала традыцыйнае шэсце па цэнтральнай вуліцы горада музыкаў, якія ігралі найбольш вядомую мелодыю сваёй краіны. Музычныя пералівы спляталіся разам, выклікаючы незвычайнае, але такое радаснае пачуццё.

– Наш раён славіцца культурнымі традыцыямі, якія маюць глыбокія гістарычныя карані, – падкрэсліла Таццяна Леанідаўна. – Спадзяюся, што “Дударскі рэй” дасць магчымасць дударам паказаць сваё майстэрства, падзяліцца вопытам, знайсці новых сяброў.

З духмяным караваем глыбачане сустракалі дудароў у скверы знакамітых землякоў. Імя заснавальніка першага беларускага нацыянальнага тэатра Ігната Буйніцкага падчас свята гучала не раз.

Дарэчы, назва фестывалю ўзята з верша Янкі Купалы, прысвечанага Ігнату Цярэнцьевічу, музыкі тэатральнай трупы якога ўмелі весці рэй, гэта значыць, верхаводзіць, задаваць тон. Сярод іх быў Адам Шульга, меладычны спеў яго дуды разносіўся над возерам Шо, пасярэдзіне якога, як сцвярджаюць айчынныя навукоўцы, і знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы.

Удзельнікі фэсту выступілі з канцэртам на малой радзіме Ігната Буйніцкага – у аграгарадку Празарокі. У праграме свята былі шматлікія творчыя сустрэчы, у тым ліку на адкрытых пляцоўках ля дзіцячай школы мастацтваў, гісторыка-этнаграфічнага музея, у цэнтральнай раённай бібліятэцы, дзе мінчанка Наталля Сухая праводзіла майстар-клас па выцінанцы, прэзентавала сваю выставу “Гісторыя дрэў”.

Для глыбачан і гасцей святочнага горада фэст – своеасаблівы экскурс па музычных прасторах мінулага, знаёмства з дударскімі напевамі розных рэгіёнаў. Напрыклад, славацкая дуда занесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў якасці першай у свеце. У Славакіі пачынаюць вучыцца граць на дудах з ранняга дзяцінства. Дзякуючы гэтаму некаторыя становяцца выдатнымі музыкамі яшчэ да дасягнення паўналецця.

Яркі доказ таму – віртуознае выступленне ў Глыбокім 16-гадовага дудара са славацкай Аравы Адрыяна Матыса. Другі госць са Славакіі Лукаш Лацка прадставіў на фэсце рэгіён Нітры, які таксама славіцца сваімі багатымі дударскімі традыцыямі. Таленавітыя хлопцы адкрылі выставу, прысвечаную славацкім гайдам (валынкам).

Дзмітрый Дзёмін, які з’яўляецца ўнукам вядомага на Глыбоччыне і за яе межамі паэта Алеся Дубровіча, падчас фэсту граў на эстонскай дудзе. У другі раз на свята завітаў дудар Пэтр Сов’як з Мараўскай Валахіі (рэгіён на мяжы Чэхіі і Славакіі).

Упершыню ў старажытным горадзе гучала латышская дуда. Традыцыю рэгіёна Суйты прадэманстраваў Юрыс Ліпсніс. Годна прадставілі нашу краіну дудары Дзяніс Сухі, Сяргей Чубрык, Антон Бельскі, Віталь Воранаў. Запомнілася многім яскравае выступленне капэлы Gaiteiros de Freiria (Партугалія) і іншых замежных дудароў.

– Гісторыя дуды на Беларусі была амаль забыта, – кажа ініцыятар фэсту i дудар Віталь Воранаў. – Аднак, калі мы пачалі шукаць пісьмовыя сведчанні пра яе ў кнігах, вывучаць архіўныя звесткі, аказалася, што Глыбоччына – сэрца дударскай традыцыі Беларусі. Таму і палічылі, што старадаўні музычны інструмент з дзівосным незабыўным гучаннем можа стаць сапраўдным культурным брэндам рэгіёна. Дарэчы, зараз дуда становіцца ўсё больш папулярнай не толькі ў Беларусі. Галоўная мэта нашага свята, актыўны ўдзел у арганізацыі якога прымае кіраўніцтва раёна, – адраджэнне дуды ў адным з найбольш музычных рэгіёнаў краіны. Праз два тыдні адбудзецца дударскі фестываль у Партугаліі. Глыбоцкая дуда там таксама будзе гучаць, і гэта вельмі прыемна.

Віталь Воранаў нарадзіўся на Глыбоччыне, зараз жыве ў Польшчы, але часта бывае ў Беларусі. Таму, па яго словах, асабліва ў Год малой радзімы быў вялікі імпэт зрабіць свята дударскіх рэгіёнаў яшчэ больш маштабным і прыгожым, чым летась.

– Дудой захапляўся і наш знакаміты зямляк Вацлаў Ластоўскі. “Дудар” – так называўся дэбютны верш паэта з Глыбоччыны Янкі Пачопкі, – падкрэслівае Віталь Воранаў. – Наш абавязак – захаваць даўнія традыцыі, як каштоўны скарб дзядоў і прадзедаў, як частку гісторыі і культуры. Радуе, што дударскі фэст зацікавіў глыбачан, у першую чаргу работнікаў  культуры, майстроў Дома рамёстваў, прадпрымальнікаў. І сёлета ўсе жадаючыя змаглі набыць прыгожыя сувеніры з выявай беларускай дуды, сімволікай музычнага свята.

Падчас падрыхтоўкі да фэсту Віталь Воранаў склаў яшчэ адну  легенду пра глыбоцкую дуду, а дакладней пра анёла-дудара.

Справа ў тым, што на каплічцы, якая стаіць на старых могілках у Глыбокім, мясцовыя краязнаўцы адшукалі выяву анёла, які трымае ў руках нешта дужа падобнае на частку дуды. Навошта яму спатрэбіўся музычны інструмент і чаму анёл так смуткуе? Вось пра гэта і апавядае аўтар.

Дарэчы, першая легенда была прысвечана вёсцы Сапеліна Глыбоцкага раёна. Ці мае дачыненне назва населенага пункта да дуды, адзін з элементаў якой называецца “сапель”, – цікавая тэма для разважання.

Фота і відэа Дзіяны БЕРНІКОВІЧ.