Автор: . Дата создания:

Старажытны Рагачоў перадаў эстафету правядзення Дня беларускага пісьменства Полацку — калысцы айчыннай дзяржаўнасці, духоўнасці і адукацыі. Зямля Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага стане месцам святкавання ў 2017 годзе.

Дзень беларускага пісьменства з’яўляецца нацыянальным святам і праводзіцца з мэтай прапаганды лепшых духоўных і асветніцкіх традыцый нашага народа. З года ў год існуе спецыяльнае першынство наконт таго, якому населенаму пункту стаць сталіцай гэтай адметнай падзеі. Выбіраецца адзін з гарадоў, прадстаўнікі якога ўнеслі значны ўклад у гісторыю і культуру Беларусі. Дзень беларускага пісьменства адзначаецца ў першую нядзелю верасня, а пачатак быў пакладзены ў 1994 годзе ў Полацку. Віцебшчына яшчэ неаднойчы станавілася месцам святкавання: у 1998-м яго прымала Орша, у 2003-м – ізноў Полацк, у 2006-м – Паставы і ў 2012-м – Глыбокае.

Сёлета гонар выпаў гораду Рагачову Гомельскай вобласці. Падрыхтоўка і правядзенне свята – падарунак мясцовым жыхарам, які застаецца з імі на доўгія гады. Разам з тым толькі ад іх намаганняў і старанняў залежыць, як будзе захавана гістарычная спадчына, добраўпарадкавана тэрыторыя, абноўлены сацыяльныя і культурныя аб’екты.

Два дні, 3 і 4 верасня, Рагачоў прымаў гасцей культурна-асветніцкага форуму. У старажытны горад на Дняпры з’еха­ліся дэлегацыі не толькі з усіх рэгіёнаў нашай рэспублікі, але і з блізкага і далёкага замежжа – з 19 краін свету.

Жадаючыя маглі пакатацца на «паэтычных» аўтобусах, якія выконваюць рэйсы па звыклых гарадскіх маршрутах. У тэматычна аформленых салонах гучалі вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча і іншых беларускіх класікаў.

У першы дзень распачаў працу Фестываль кнігі і прэсы, адбыліся літаратурныя чытанні, мастацкія і кніжныя выставы. У тым ліку прысвечаныя 75-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, 95-годдзю з дня нара­джэння Івана Мележа, 120-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

У адрэстаўраваным будынку колішняга Дома піянераў 4 верасня быў урачыста адкрыты Дом кнігі. Тут функцыянуюць цэнтральная і дзіцячая бібліятэкі, канферэнц-зала, а зараз яшчэ і новая кніжная крама «Першацвет». Спецыяльна да яе адкрыцця арганізатары Дня беларускага пісьменства папрасілі вядомых землякоў, у тым ліку дзяржаўных дзеячаў, дзеячаў культуры і спартсменаў, паўдзельнічаць у акцыі па стварэнні асобнай палічкі з «духоўнымі скарбамі» – сваімі любімымі кнігамі. Кніга з подпісам, падараваная віцэ-прэм’­ерам або губернатарам, — гэта артэфакт, які становіцца гарадской каштоўнасцю.

Віцэ-прэм’ер Наталля Качанава перадала кнігу пра свой родны Полацк, старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік – кнігу-летапіс Гомельскай вобласці, епіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяпан – Біблію. Артысты Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч падарылі Дому кнігі раман Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Саюз пісьменнікаў Беларусі – некалькі дзясяткаў выданняў, а яго старшыня Мікалай Чаргінец ад сябе асабіста – творы Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Адметна, што ў Дзень беларускага пісьменства Дому кнігі нададзена імя ўраджэнца Віцебшчыны Уладзіміра Караткевіча, жыццё і творчасць якога цесна звязаны з Рагачовам. У доме роднага дзядзькі, фактычна на беразе Дняпра, наш славуты зямляк пачаў пісаць свае знакамітыя «Каласы пад сярпом тваім».

У поўдзень на цэнтральнай плошчы Рагачова адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства. Удзельнікам свята прапанавалі мастацка-тэатралізаваную пастаноўку «Беларусь – спрадвечная песня». На галоўнай сцэне форуму аб’яўлены імёны лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, на якую было намінавана больш за 70 твораў. Лепшых аўтараў вызначалі ў сямі жанрах. Пераможцам уручаны памятныя знакі-сімвалы, дыпломы і прэміі.

Дамінантамі ўрачыстасці сталі тэмы Года культуры, падрыхтоўкі краіны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Сярод найбольш яркіх момантаў свята – адкрыццё пастаянна дзеючай выставы «Па-сапраўднаму народны» (пра жыццё і творчасць Андрэя Макаёнка), «Славянскія літаратурныя Дажынкі – 2016», спектакль «Пясняр» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Удзельнікі свята наведалі шматлікія выставы, літаратурныя чытанні, сустрэчы з пісьменнікамі, іншыя цікавыя мерапрыемствы.

У свяце прыняла ўдзел і дэлегацыя пісьменнікаў Віцебшчыны на чале з начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзем Ягоравым і старшынёй абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамарай Красновай-Гусачэнка. Вершы нашых землякоў гучалі на паэтычных пляцоўках Рагачова.

А завяршыўся XXIII Дзень беларускага пісьменства ўрачыстай перадачай эстафеты правядзення свята Полацку. Старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, звяртаючыся да жыхароў і гасцей Рагачова, адзначыў, што старажытны Полацк у трэці раз сустрэне культурны і духоўны форум Беларусі. Вопыт Рагачова пасадзейнічае ў правядзенні свята на годным узроўні.

Фота Дзмітрыя Осіпава.