Автор: . Дата создания:

У шосты раз сабралі Міёры на экалагічны фестываль людзей нераўнадушных, тых, хто дбае пра нашу агульную  будучыню. Як адзначыў на прэс-канферэнцыі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, фэст “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” занесены ў топ-5 брэндавых святаў Беларусі.

Сёлета на свята прыехалі дэлегацыі з расійскай Апочкі на чале з кіраўніком раёна Юрыем Ільіным, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, намеснік Пастаяннага прадстаўніка Праграмы развіцця ААН у Беларусі Закары Тэйлар, кіраўнікі праектаў ПРААН у нашай краіне Ігар Чульба і праекта “Тарфянікі-2” Аляксей Арцюшэўскі, намеснік генеральнага дырэктара УП “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь” Андрэй Рашупкін, дырэктар грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Аляксандр Вінчэўскі.

Пачалося свята з прэс-канферэнцыі ў райвыканкаме, дзе на пытанні журналістаў і прадстаўнікоў дэлегацый адказалі старшыня абласнога Савета  дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, кіраўнік Міёрскага раёна  Ігар Кузняцоў, старшыня райсавета дэпутатаў Марыя Баніфатава, кіраўнік Апочацкага раёна  Юрый Ільін.

Потым гаспадары і госці адправіліся  на цэнтральную плошчу, дзе  адбылося адкрыццё скульптурнай кампазіцыі  “Жураўліная вернасць”, якая, па задумцы аўтараў, адлюстроўвае галоўны сімвал міёрскай зямлі і адначасова падкрэслівае сумесную работу мясцовай улады і ПРААН па захаванні  балота Ельня.

Экалогія як культура  жыццядзейнасці чалавека павінна   стаць нормай. Міёрскі экалагічны фестываль – квінтэсенцыя таго, што зроблена ў гэтым накірунку  за мінулы год. Яму звычайна папярэднічаюць экалагічныя тыдні ў школах, разнастайныя мерапрыемствы ва ўстановах культуры, тэматычныя і практычныя конкурсы.

Адзін  з найбольш любімых –  індывідуальныя і камандныя спаборніцтвы па зборы журавін. Сёлета ў іх бралі ўдзел  8 калектываў і сотні зборшчыкаў. Сярод першых самымі спрытнымі аказаліся работнікі адукацыі, сярод другіх перамагла Валянціна Парэчня, якая здала ўжо каля 200 кг журавін.

Экалагічнае свята -- гэта і падстава, каб падвесці вынікі конкурсаў па добраўпарадкаванні вытворчых тэрыторый, домаўладанняў, работы старэйшынаў.   У прыватнасці, лепшымі прызнаны калектывы мясакамбіната, ААТ “Туркова”. Сярод малочнатаварных ферм адзначана МТФ “Старыя Узмёны” ААТ “Узмёнскі край”, сярод машынных двароў – двор ААТ “Міёрскі райаграсэрвіс”, сярод школ і медустаноў – язненскія.

 Лепшым прыватным прадпрыемствам  названа ТАА “Абстэрна”, а прадпрымальнікам – заснавальнік фермерскай гаспадаркі Мікалай Каваленка. За добрае выкананне грамадскага абавязку на свяце былі ўшанаваны 10 старэйшын, пяці сядзібам прысвоена ганаровае званне “Дом узорнага парадку”.

З нецярпеннем чакалі вынікаў падвядзення конкурсу сельскіх падвор’яў “Жураўліны кірмаш” іх гаспадары. Кожнае імкнулася ўразіць гасцей афармленнем, колькасцю страў, павесяліць добрай песняй, гумарам. 

Вучні экалагічнага класа Германавіцкай школы разам з лепшымі  грамадскімі эколагамі краіны настаўнікамі Аксанай Пачэпка і Марынай Фёдаравай запрашалі на адкрыццё экалагічнай сцежкі на балота Ельня з боку Шаркаўшчынскага раёна. Непадалёку  ля арт-пляцоўкі “Пакаленне  “NEXT” моладзь вучылася рабіць жураўлікаў з паперы і пацеркі з рабіны, гарадскія бібліятэкары знаёмілі з літаратурай па экалогіі,  рамеснікі дэманстравалі свае работы, на сцэне мастацкія калектывы, у ліку якіх былі і даўгаўпілскія “Пралескі”,  змянялі адзін аднаго.

Попытам карысталіся экскурсіі па візіт-цэнтры заказніка “Ельня”, выезды на спецыяльныя пляцоўкі, дзе можна было паназіраць за жураўлямі. 

Фота Тамары Пашкевіч.