Автор: . Дата создания:

Знаёмцеся: новы лаўрэат літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі Віцебскага аблвыканкама – кандыдат філалагічных навук, дацэнт ВДУ імя П. Машэрава Ганна Навасельцава (на фота). Адзначана яе першая кніга – зборнік міфалагічных апавяданняў «І чарам сніцца чалавек…».

 

Ганна Віктараўна Навасельцава – ураджэнка Віцебска. Скончыла факультэт беларускай філалогіі і культуры і аспірантуру ВДУ імя П. Машэрава. Зараз вучыцца ў дактарантуры. Друкавацца пачала студэнткай.

Шэраг яе твораў быў змешчаны ў літаратурных часопісах «Полымя» і «Маладосць», штотыднёвіку «ЛіМ», калектыўных зборніках – «Мой дзень пачынаецца» і серыі «Вера. Надзея. Любоў» выдавецтва «Мастацкая літаратура», шостым нумары альманаха «Дзвіна. Віцебшчына літаратурная».

Укнізе «І чарам сніцца чалавек…» змешчана 17 апавяданняў. Імёны герояў гавораць самі за сябе: Бусліч, Зюзіч, Вужыная каралеўна, Воран Варановіч, Анчутка-Анчутка, Ягіня, следавікі, паўночнік, дамавік, лесавік, вадзянік, палявік і іншыя чароўныя істоты.

Зацікавіць беларускім фальклорам, зрабіць яго персанажаў, бостваў старажытных славян больш цікавымі для ўспрымання студэнтаў – з’яўляецца найпершай мэтай літаратурнай творчасці Ганны Віктараўны, якая чытае ва ўніверсітэце курсы міфалогіі – агульнай, славянскай, рамана-германскіх народаў.

 – Спачатку студэнты ставяцца трошкі скептычна – маўляў, казкі, потым – інакш, бо, аказваецца, тут трэба разважаць і думаць. Дарэчы, казка – жанр філасофскі, прызначаны для ўсіх узростаў, для таго, каб павучаць, выхоўваць і забаўляць. Дыдактычны прынцып: забаўляючы, адукоўваем, і наадварот – дзейнічае і ў студэнцкім асяроддзі, – тлумачыць выкладчык-літаратар.

Зборнік важкі не толькі таму, што, як жартуе аўтар, «становіцца на тарэц». «Без перабольшвання зазначу: кніга Ганны Навасельцавай – адметная з’ява ў айчыннай літаратуры, яна зацікавіць не толькі дарослых чытачоў, але і моладзь, вучняў старэйшых класаў.

Стане добрым дарадчыкам у пазнанні, спасціжэнні і асэнсаванні бязмежнага багацця беларускага фальклору», – напісаў у прадмове да выдання вядомы празаік, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Казлоў, якога Ганна Навасельцава лічыць сваім бацькам ад літаратуры.

Творчыя вытокі Ганны Навасельцавай – з багатай на карыфеяў прыгожага пісьменства, апетай імі маляўнічай, азёрна-лясной Ушаччыны. Такая зямляцкая пераемнасць натхняе і абавязвае. А сакавітая вушацкая гаворка звыклая Ганне Віктараўне змалку.

Да школы яе выхоўвала бабуля з матчынага боку, у гонар якой і была названа будучая пісьменніца. Жыла бабуля Ганна ў вёсцы Крошына, непадалёк ад вабнага Глыбачанскага возера, куды з райцэнтра можна дайсці пешшу. Простая сялянка, яна ведала шмат песень, казак, прыказак, прымавак, вельмі любіла апавядаць, каб пацешыць маленькую ўнучку, прыдумвала розныя гісторыі.

 – Яна прывіла цікавасць да ўсяго гэтага, і я з дзяцінства расла вялікай фантазёркай. Бабулі ўжо няма, ёсць яе хата, дзе штолета адпачываю. Дарэчы, першае апавяданне зборніка – «Высокая ліпіна» – пра мае самыя маленькія гады. Ушачанкай лічу сябе і па маўленні. Калі пайшла ў першы клас гарадской школы, дзеткі смяяліся з маёй гаворкі. А я інакш не ўмела. Ды і зараз мова, на якой думаю, беларуская, я – беларускамоўны чалавек, хаця руская для мяне таксама функцыянальная, – працягвае расповед Ганна Віктараўна.

Спачатку, як і ўсе пачынаючыя творцы, яна складала лірычныя вершы, якія з цягам часу плаўна пераўвасобіліся ў прозу. Невыпадкова крытыкі заўважаюць надзвычайную лірычнасць напісанага Ганнай Навасельцавай.

Настольнай кнігай, адной з ікон беларускай прозы XIX стагоддзя, да якой трэба і варта звяртацца, аўтар лічыць «Шляхціца Завальню» Яна Баршчэўскага, літаратурным эталонам XX ст. – творчасць Уладзіміра Караткевіча, што таксама сілкавалася гісторыяй і міфалогіяй. Сябе адносіць да ліку сённяшніх распрацоўшчыкаў гэтай запатрабаванай і надзвычай багатай каларытнымі вобразамі глебы.

 – Пішу кожны дзень пакрысе. Бачу свой тэкст – і нібыта нехта падказвае, што і як будзе далей. Потым рукапіс ляжыць у шуфлядзе, праз нейкі час вяртаюся да яго, перачытваю. Новыя творы нікому не паказваю, а калі яны мяне задавальняюць, прапаную часопісам. «Полымя», якое ў пісьменніцкім асяроддзі завецца часопісам класікаў і паўкласікаў, сёння ідзе да масавага чытача, і ў гэтым ёсць свае плюсы, арыенцір «Маладосці» – пачаткоўцы, што робяць першыя крокі ў літаратуры. Сваё адрасую ўсім аматарам фэнтэзі, бо гэта жанр без узросту, аднак пераважна ўсё ж моладзі, – дзеліцца Ганна Віктараўна сакрэтамі творчай лабараторыі.

 – Канешне, моўны бар’ер існуе, таму чытацкая аўдыторыя вузкая. Але ж так выказацца, напісаць па-руску я не здолею. Мама, беларускамоўная жанчына, сочыць за маёй творчасцю, добра яе ўспрымае і часам разважае наконт прачытанага. Яе калегі-медыкі, як даведаліся, што я атрымала абласную літаратурную прэмію, пачалі прасіць кнігу, зацікавіліся і мае аднакурсніцы, знаёмыя настаўніцы. Былі добрыя водгукі. Але трэба ўсё ж шукаць перакладчыкаў. У «Нёмане» шчыруе майстар гэтай справы Алег Ждан (Пушкін), і ёсць задумка, што ён возьмецца за пераклад нечага майго, – творчыя планы Ганны Віктараўны тычацца не толькі напісання новых твораў.

А да друку яна рыхтуе рукапіс другога зборніка – гэта казкі, арыентаваныя галоўным чынам на дзетак.
– Пакуль буду працягваць працу ў міфалагічным, фантастычным рэчышчы. Гэта мая, як зараз кажуць, ніша, – акрэслівае ўласную літаратурную перспектыву Ганна Навасельцава.

Фота Алесі ПУШНЯКОВАЙ.