Автор: . Дата создания:

Пра адметнасці фестывалю сярэднявечнай культуры «Рубон», што пройдзе ў Полацку 1—3 верасня ў парку каля Кургана Бессмяротнасці,  паведамілі арганізатары.

Шосты па ліку «Рубон» – адна з візітных картак горада, але сёлета яго праграма адмысловая, паколькі фестываль праводзіцца падчас святкавання 1155-годдзя Полацка і Дня беларускага пісьменства. Таму да традыцыйных рыцарскіх турніраў, архаічных спеваў і  майстар-класаў рамеснікаў дадасца яшчэ шмат цікавостак.

– Гэта будзе захапляльнае відовішча, – абяцае рэжысёр свята Яўгенія Кавалёва. – Жыхары і госці горада змогуць адчуць каларыт далёкай эпохі, пабачыць рэканструкцыю бітваў, дзе займае дыханне ад лязгату зброі  падчас жорсткай сутычкі войскаў на бугуртах. Як і шмат стагоддзяў таму, хвалі Дзвіны панясуць сапраўдныя сярэднявечныя караблі – дракары. А самыя смелыя змогуць падняцца ў неба на паветраных шарах ці гіракоптарах.

“Дзе яшчэ, як не ў самым старажытным горадзе Беларусі, абуджаць у душах людзей цікавасць да гісторыі роднага краю?” – кажуць арганізатары. Канцэрты старажытнай музыкі, тэатралізаваныя анімацыі, лекторыі па суднаходстве і асаблівасцях быту Сярэднявечча – далёка не ўсе пункты праграмы.  Будуць працаваць старадаўняя таверна, кантактны заапарк і фотазона «Зброя катаванняў».

Плануецца фестываль аўтэнтычнай сярэднявечнай кухні з удзелам літоўскіх майстроў. Асобная пляцоўка з батлейкамі, гульнямі, танцамі ладзіцца для дзяцей.

І ўрэшце, адным з галоўных сюрпрызаў стане вялікае піратэхнічнае шоу Terra Incognita – містычнае відовішча с разнастайнымі светлавымі эфектамі, вогненным цыркам, каскадамі электаразрадаў і маланкамі.

Фота Ларысы Малашэні, з архіва “ВВ”