Автор: . Дата создания:

Першы фестываль дударскіх рэгіёнаў "Дударскі рэй" пройдзе на Глыбоччыне.

На ім можна будзе пачуць не толькі традыцыйную беларускую дуду, але і экзатычныя для нас эстонскую, шатландскую і інш. Фэст па праве можна назваць міжнародным, бо на яго прыедуць госці з Латвіі, Польшчы, Чэхіі, Бельгіі, Шатландыі, але ён не пазбаўлены дамашняй утульнасці і местачковай аўтэнтычнасці, паколькі кожны ўдзельнік прадстаўляе хутчэй не краіну, а асобны рэгіён, з яго музычнымі адметнасцямі і каларытам.

Ініцыятарамі і арганізатарамі “Дударскага рэю” выступаюць райвыканкам і беларускі перакладчык, літаратар, выдавец з глыбоцкімі каранямі Віталь Воранаў. 

Фэст пройдзе 6-7 мая і зойме адразу некалькі пляцовак: галоўныя падзеі развернуцца ў райцэнтры, але будуць задзейнічаны і некаторыя вёскі. Адкрыццё адбудзецца ў Глыбокім на алеі Знакамітых Землякоў каля бюста заснавальніка першага прафесійнага беларускага тэатра Ігната Буйніцкага, бо менавіта ён калісьці ўключыў у сваю трупу дудара. Апрача таго, удзельнікі фэсту ўскладуць кветкі да магілы Буйніцкага ў Празароках, выступяць у санаторна-курортным комплексе “Пліса”, зладзяць музычную прагулку па культурна-дэндралагічным парку ў Мосары і сыграюць на ўрачыстай службе ў касцёле ў вёсцы Удзела.

Завершацца мерапрыемствы ў Глыбокім шэсцем дудароў і гала-канцэртам, дзе можна будзе пазнаёміцца з музычнымі, фальклорнымі і танцавальнымі традыцыямі розных народаў.