Автор: . Дата создания:

Глыбоцкаму Дому рамёстваў споўнілася 30 гадоў. Мясцовыя майстры паважаюць старадаўнія традыцыі, дапаўняючы іх наватарскімі ідэямі.

Юбілейны вечар глыбачане правялі ў фармаце тэлеперадачы пад назвай «Жывая культура». Для кожнага госця майстры прыгатавалі саламяныя падарункі, усіх запрашалі наведаць выставу «Палітра талентаў», на якой дэманстраваліся найбольш цікавыя вырабы. Пазнавальны гістарычны экскурс дапоўніў яскравую святочную праграму.
Сёння ў Доме рамёстваў прадстаўлена 11 напрамкаў, сярод якіх разьба і роспіс па дрэве, ганчарства і лепка з гліны, вышыўка, бісерапляценне, выраб беларускай лялькі. Кожны кабінет – свайго роду музей па захаванні народнай творчасці. Неаднаразова майстры прэзентавалі свае вырабы на розных выставах, станавіліся прызёрамі, пераможцамі абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў.


Упершыню ідэя адраджэння традыцыйных рамёстваў выразна прагучала на Глыбоччыне ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады ж быў створаны і клуб народных майстроў «Крыніца», які ў хуткім часе атрымаў званне народнага. Творчае аб’яднанне, у склад якога ўваходзіла каля 350 мясцовых умельцаў, узначальвала Аліна Юргель.
Праз некалькі гадоў у райцэнтры адкрыўся Дом рамёстваў. Сёння майстры актыўна займаюцца навукова-даследчай працай, напрыклад, па вывучэнні старадаўняй тэхналогіі роспісу па палатне. Кіруе творчым калектывам народны майстар Беларусі Святлана Скавырка. У гарадскім пасёлку Падсвілле працуе філіял Дома рамёстваў, 10 гадоў існуе салон-крама сувеніраў у Глыбокім.


Зацікавіла прысутных дэфіле майстроў, апранутых у старадаўнюю вопратку. Пад акампанемент добра знаёмых народных мелодый яны выходзілі на сцэну, дэманструючы адзенне, якое насілі ў свой час дзяды, прадзеды.


За карпатлівую працу па захаванні традыцый продкаў, выхаванне падрастаючага пакалення віноўнікам урачыстасці ўручылі падзякі. Сярод каш­тоўных падарункаў – швейная машынка, якая спатрэбіцца майстрам, каб рабіць шыкоўную вопратку з нацыянальным каларытам.

Фота аўтара.