Автор: . Дата создания:

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі на «Еўрабачанні-2017» – удзельнікі папулярнага гурта “NaviBand» – трыумфальна выступілі ў Наваполацку ў межах вясновага тура па краіне.

NaviBand называюць самым рамантычным дуэтам беларускай сцэны. І сапраўды, Ксенія Жук з Арцёмам Лук’яненкам дораць слухачам светлыя, узвышаныя пачуцці. Прыгожыя, таленавітыя, харызматычныя, яны з першых хвілін зачаравалі публіку сваёй бясконцай абаяльнасцю. Зала гарадскога Цэнтра культуры віравала эмоцыямі, а напрыканцы канцэрта  цалкам ператварылася ў танцпол.

На працягу амаль дзвюх гадзін музыкі прэзентавалі новы альбом “Ілюмінацыя”, выконвалі свае знакамітыя хіты, і новапалачане заўзята падпявалі ім. “Сённяшні дзень стане пачаткам новых жаданняў, лепшых ідэй”, – сімвалічна гучалі радкі з «Гісторыі майго жыцця», якую 11 мая гурт выканае ў Кіеве.

Пасля канцэрта дзясяткі адданых прыхільнікаў чакалі  Арцёма і Ксенію ў фае, каб пажадаць удачы і поспеху на “Еўрабачанні”, падарыць не толькі кветкі, але і кранальныя аўтарскія падарункі, зробленыя сваімі рукамі.

Артысты доўга размаўлялі з новапалачанамі, фатаграфаваліся,  давалі аўтографы, а пасля адказалі на пытанні журналістаў.

– З прэзентацыяй новага альбома вы праехалі па гарадах Беларусі. Чым адметны канцэрт у Наваполацку?

Арцём: – Ён адзін з самых яскравых. Мы першы раз у гэтым горадзе і  не чакалі такога гарачага прыёму. Вельмі адданая публіка. Дзякуем за падтрымку і цеплыню.

Ксенія: – Класна, што мы вырашылі зрабіць такі тур, змаглі паказаць, што для нас галоўнае – гэта музыка, творчасць і  нашы слухачы. Мы шчаслівыя ад таго, што спяваем разам. Усе удзельнікі гурта падкрэслілі: гэта быў выдатны канцэрт.

– Як вам удаецца наладзіць такі цесны кантакт з залай?

Ксенія: – Натхняюць нашы песні і людзі, якія прыходзяць на канцэрт. Яны дораць нам сваю цеплыню, а мы прымаем яе і зноў аддаём слухачам.

Арцём: – На сцэне, як і ў жыцці, мы не выконваем ролі. Мы тыя, хто ёсць. Да ўсяго, што робім, падыходзім са шчырасцю і адказнасцю. Для нас важна, каб кожны слухач штосьці ўзяў для сябе з кожнай песні.

– Ці склалася канцэпцыя нумара, з якім вы паедзеце на “Еўрабачанне”?

Арцём: -- Канцэпцыя ёсць, але гаварыць пра гэта мы пакуль не можам. Вызначыліся з рэжысёрам і вобразамі, прадставілі наш лагатып і фінальную версію песні, дзе крыху змянілі канцоўку. Мы задаволеныя нашай камандай, зробім усё, каб выступіць добра.

– Ці збіраецеся часткова перакладаць песню на англійскую мову?

Арцём: – Вырашылі не рабіць гэтага, і нас шмат хто падтрымлівае. Ганарымся, што беларуская мова ўпершыню загучыць на “Еўрабачанні”. Гэта вельмі важна для нашай культуры. Прыемна адчуваць, як людзі з розных краін спрабуюць спяваць па-беларуску, хочуць зразумець сэнс песні. А ён у тым, каб сваімі сіламі імкнуцца да лепшага.

Ксенія: – Да таго ж у інтэрнэце ўжо з’явілася шмат фанвідэа, дзе зрабілі і транслітэрацыю,  і пераклад. Мы пераканаліся, што песню ўсім будзе лёгка падпяваць.

– На пачатку творчага шляху ці думалі вы пра той поспех, які маеце зараз?

Арцём: – Не загадвалі, але маленькімі крокамі рушылі да сваёй мэты. Некаторыя сумняваліся, што наша музыка будзе камусьці патрэбна. А зараз на канцэрты прыходзіць усё больш людзей, вакол нас сабралася каманда выдатных музыкантаў і сяброў. Галоўнае – верыць у сваю справу, таму што ўсё магчыма. З такім настроем стараемся ісці па жыцці, пра гэта кажам са сцэны. Толькі наперад!

– Што хацелі б сказаць праз нашу газету сваім землякам?

Арцём: – Вялікі дзякуй Глыбоцкай раённай гімназіі і ўсім маім настаўнікам! Хацелася б пажадаць, каб беларускамоўных класаў, у адным з якіх я вучыўся, было больш.

Ксенія: – А я хачу перадаць шчырае прывітанне гораду Сянно, адкуль мая бабуля і мама. Усім, хто ў нас верыць, дзякуем за падтрымку і цеплыню.

Фота Ларысы МАЛАШЭНИ.