Адным з нямногіх культавых будынкаў абласнога цэнтра, які перажыў ліхалецці вайны і мірнага жыцця, з’яўляецца касцёл Святой Барбары.
Захавальнік вечнага супакою
Першапачаткова касцёл быў пабудаваны напрыканцы XVIII ст. на каталіцкіх могілках, якія ў той час былі за горадам, на Гарадоцкай шашы. Яго так і называлі – Падвіцебскі. У 1785 го-дзе ён быў асвечаны ў гонар святой пакутніцы Барбары.
Пасля пабудовы чыгункі ў гэтым раёне сталі ўзводзіць хаты яе работнікі, многія з якіх былі католікамі. Касцёл ужо не змяшчаў усіх вернікаў. Таму ў 1880-х было прынята рашэнне аб пабудове новай бажніцы. Яе зрабілі з чырвонай неатынкаванай цэглы па праекце інжынера-архітэктара Віктара Піятроўскага. Храм пабудаваны ў эклектычным стылі, гэта сумяшчэнне неаготыкі і неараманскага кірунку, хаця папярэднік быў цалкам барочны.
У паслярэвалюцыйныя часы касцёл зачынілі, а потым выкарыстоўвалі ў якасці склада мінеральных тукаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынку, можна сказаць, пашчасціла: абстрэлы толькі часткова пашкодзілі яго вежы, хаця навокал былі спрэс руіны. Пасля вайны касцёл пакрысе прыйшоў у заняпад. Яго нават выкарыстоўвалі ў трэніровачных мэтах альпіністы як плацдарм для пераадольвання вяршынь.
Былі знішчаны і старажытныя могілкі: на іх месцы пабудавана прадпрыемства. Да гэтага часу пры пракладцы камунікацый знаходзяць помнікі, якія ўсталёўваюцца на прыкасцёльнай тэрыторыі. Сёння каля ўваходу ў храм стаіць знак у памяць памерлых.
Жыццё пасля «смерці»
Рэстаўрацыя гэтага помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння пачалася ў 1988 годзе. Першапаткова планавалі зрабіць канцэртную залу (нават калі касцёл ужо быў дзеючы, свае канцэрты ў ім даваў, пакуль не набылі арган у абласной філармоніі, віртуозны выканаўца, народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў). Але нарэшце будынак перадалі ранейшым гаспадарам – католікам. Першым пробашчам быў Януш Скенчак, які стаў сапраўдным адраджэнцам веры на ўсходзе вобласці, шчыраваў у віцебскай і полацкай парафіях. У 1993 годзе ўзноўленая святыня была асвечана будучым кардыналам Казімірам Свёнткам. Пакрысе ўсё даводзілася да ладу, стваралася ўнутранае аздабленне, быў набыты электраарган.
З часу ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі і да 2011 года храм з’яўляўся катэдральным, а яго пробашчам стаў Міхал Ермашкевіч.
Сённяшні дзень
Цяперашні ксёндз-пробашч Крыштаф Коцьян (на фота) некалькі гадоў таму прыехаў служыць з Польшчы. Добра валодае беларускай мовай. Дарэчы, як і яго папярэднікі, ён з’яўляецца дамініканам. Гэты ордэн мае даўнюю прысутнасць у Віцебску, калісьці побач з Дабравешчанскай царквой на беразе Дзвіны нават стаяў дамініканскі касцёл.
Зараз дробнымі крокамі ў Святой Барбары робіцца рамонт. Яго фінансуе польскае Міністэрства культуры ў рамках праграмы дапамогі помнікам архітэктуры, якія знаходзяцца за мяжой. Сёлета сума склала 10 тыс. еўра. Дапамагае матэрыяльна і Польская правінцыя дамініканаў.
Сапраўдны дэндрапарк уяўляе сабой тэрыторыя перад касцёлам, дзе дрэвы хвойных парод у любы сезон радуюць вока зелянінай.
Храм – гэта людзі
Касцёл – гэта не толькі прыгожыя сцены, а перадусім людзі, якія складаюць духоўную аснову кожнай парафіі. Муры без малітвы – звычайныя каменныя гмахі. Асаблівасцю набажэнстваў з’яўляецца тое, што яны праводзяцца не толькі на беларускай мове, але і на польскай і з выкарыстаннем латыні і старажытных тэкстаў.
Віцебск – горад універсітэтаў, шмат студэнтаў прыязджае сюды вучыцца з розных рэгіёнаў. Кожны чацвер увечары ў капліцы ля касцёла збіраецца моладзь, каб паразмаўляць пра жыццё, паразважаць аб праўдах веры і не толькі. Так, студэнты з мястэчка Лынтупы Пастаўскага раёна сталі ініцыятарамі стварэння накірунку «12 прыступак». Існуе ўласная музычная група, у актыве якой выступленні на розных пляцоўках: ад КЗ «Віцебск», дзе сёлета адзначалі 800-годдзе заснавання ордэна Святога Дамініка, і клуба «Паддашак» да вулічных канцэртаў у час «Славянскага базару». Выязджалі і ў Гарадок. Моладзь робіць тэатральныя пастаноўкі, пантамімы.
Гонар касцёла – хор Hosanna, які выступаў і за межамі нашай краіны. У яго скарбонцы – перамога на міжнародным фестывалі ў Магілёве «Магутны Божа». Самае галоўнае, кажа ксёндз Крыштаф, што гэты калектыў з’яўляецца цэласнай супольнасцю, у чым вялікая заслуга музычнага кіраўніка Святланы Шыдлоўскай. Яна ўмее знайсці да кожнага ўдзельніка падыход і трымаць высокі выканаўчы ўзровень. Ёсць пры касцёле традыцыйныя суполкі
– «Жывы ружанец», «Легіён Марыі», евангелізацыйныя курсы для жадаючых паглыбіць свае рэлігійныя веды. Раз на тыдзень вернікі і святары наведваюць хворых у недалёкай 2-й Віцебскай абласной клінічнай бальніцы (былая Чыгуначная). Прычым часта даводзіцца суцяшаць людзей незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці. Для малых адкрыта нядзельная школа, дзе яны рыхтуюцца да першай камуніі (прычасця). Згодна з патрабаваннямі часу ёсць у парафіі і свой сайт у інтэрнэце, праз які яна дзеліцца на ўвесь свет сваёй радасцю ад жыцця ў веры.
4 снежня парафія касцёла будзе адзначаць свята – урачыстасць Святой Барбары, якая сёлета прыпадае на 2-ю нядзелю Адвэнту – радаснага чакання Божага Нараджэння. У гэты дзень адбудзецца візітацыя біскупа Алега Буткевіча. Да таго ж усіх прысутных чакае чароўны свет музыкі і спеваў ад калектываў парафіі.
Фота Дзмітрыя Осіпава.