Падчас III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Віцебскі край» у абласной бібліятэцы адбыліся прэзентацыя і ўрачыстая цырымонія перадачы факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны».
Вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі – вучоных, гісторыкаў, края-знаўцаў, супрацоўнікаў музеяў, бібліятэк, ВНУ з Беларусі, Расіі і Латвіі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзій Ягораў зазначыў, што гэты знакавы форум пасадзейнічае вывучэнню і захаванню гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны і Віцебскай вобласці, пажадаў плённай працы, новых творчых поспехаў і добрых уражанняў ад прыдзвінскага краю. А таксама разам з дырэктарам Полацкай гімназіі №1 імя Францыска Скарыны Святланай Валюшкінай падзякаваў за каштоўны дар усім, хто далучыўся да яго стварэння і паспрыяў духоўнаму ўзбагачэнню беларускага народа. Уручаў адметны шматтомнік Аляксандр Суша, кандыдат культуралогіі, намеснік дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі, якая ажыццявіла грандыёзны асветніцкі праект.
Вобраз Францыска Скарыны і надрукаваныя ім у Празе і Вільні кнігі – гэта сімвал, які яднае сучаснае грамадства і культуру, людзей розных пакаленняў. Слынны палачанін прынцыпова змяніў беларускую інтэлектуальную прастору, адкрыўшы важную для нашай нацыі магчымасць сказаць сваё слова свету, зрабіў кнігу даступнай. Таму факсімільны варыянт спадчыны вялікага Францыска – вельмі важкае дасягненне не толькі з нагоды юбілею кнігадрукавання. Гэта спроба вярнуць багацце, створанае 500 гадоў таму і да нядаўняга часу недаступнае для беларусаў. Рэспубліка мае толькі 10 Скарынавых кніг, і то, на жаль, няпоўных і з іншымі дэфектамі.
Было праведзена глыбокае навуковае даследаванне, з розных краін свету і на розных умовах атрыманы лічбавыя копіі вядомых выданняў нашага земляка, а з некаторымі арыгіналамі спецыялістам пашчасціла папрацаваць ужывую. У выніку знойдзены і апісаны 521 экзэмпляр кніг, якія захоўваюцца галоўным чынам у Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Чэхіі, Даніі, Вялікабрытаніі, Славеніі, створана лічбавая калекцыя для шырокага выкарыстання.
І факсімільнае ўзнаўленне скарынаўскай спадчыны, выкананае на высокім паліграфічным узроўні, з абсалютным захаваннем асаблівасцей іх арыгіналаў, нават набытых з часам пашкоджанняў, стала адным з найважнейшых актаў яе вяртання на радзіму першадрукара. Дзеля гэтага арыгінальныя тэксты былі ўпершыню перакладзены на сучасную беларускую, а таксама рускую і англійскую мовы, каб стаць максімальна даступнымі.
Упершыню кожная з гэтых кніг паасобку прааналізавана і апісана на трох мовах, а ўсе даследаванні і пераклады ўключаны ў склад факсімільнага выдання. Атрымаўся 20-томнік плюс яшчэ адзін том дадаткаў, дзе апавядаецца і пра гэты асветніцкі праект.
Дарэчы, ён быў запушчаны чатыры гады назад на базе бібліятэкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і з удзелам абласной. Найбуйнейшыя кнігасховішчы вобласці атрымалі тады першыя тамы ў свае зборы. І вось грандыёзны праект «Вяртанне» завяршыўся ў галоўным кніжным храме Віцебшчыны.
Скразной тэмай пленарнага пасяджэння канферэнцыі стала асэнсаванне асобы і дзейнасці Францыска Скарыны. А яшчэ даследчыкі і прапагандысты яго спадчыны плённа папрацавалі ў секцыях, прысвечаных гістарычнаму і рэлігійнаму краязнаўству, ролі культурна-асветніцкіх і адукацыйных устаноў у сістэме сучаснага краязнаўства. Дыяпазон тэм – самы шырокі. Багаты і цікавы матэрыял будзе сістэматызаваны і абавязкова стане даступным для ўсіх аматараў айчыннай, у тым ліку віцебскай, даўніны.
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.