Автор: . Дата создания:

У пяты раз уручана літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі Віцебскага аблвыканкама.

У намінацыі “Проза (у тым ліку публіцыстыка і драматургія)” ёй уганараваныя кандыдат філалагічных навук з ВДУ імя П. Машэрава Ганна Навасельцава за кнігу “І чарам сніцца чалавек” і віцебскі журналіст-краязнаўца Аркадзь Падліпскі за кнігі “Улица Гоголя,6”, “Улица Ленина, 32”, “Улица Суворова,3”, “Улица 1-я Доватора, 14/9” з аўтарскай публіцыстычнай краязнаўчай серыі “Биография витебского дома”.

Сярод паэтаў лепшай прызнана рэгент Свята-Пакроўскага сабора ў Віцебску Алена Фядзяева за вершаваны зборнік “Дар Божий – жизнь”. Аўтар кнігі “Детский мир”, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка ўзнагароджана ў катэгорыі “Літаратура для дзяцей”. Дарэчы, плённая творчасць гэтай паэтэсы ўжо ў другі раз адзначана абласной літаратурнай прэміяй імя Петруся Броўкі.

На цырымоніі ў абласной бібліятэцы, дзе была аформлена тэматычная літаратурная выстава, прэмію ўручыў старшыня камісіі па яе прысуджэнню, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзій Ягораў.

Лаўрэаты прэміі Ганна Навасельцава, Тамара Краснова-Гусачэнка і Алена Фядзяева

Віншуючы лаўрэатаў, ён зазначыў, што Віцебшчына багатая талентамі, якія сілкуюць айчыннае прыгожае пісьменства, абласная ўлада будзе падтрымліваць іх і надалей. А віноўнікі ўрачыстасці падзякавалі за высокую ацэнку іх творчасці. Аздобай мерапрыемства сталі вершы народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі і ўладальнікаў літаратурнай прэміі яго імя.

Фота Алесі ПУШНЯКОВАЙ.