3-5 мая на Глыбоччыне пройдзе трэці міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй-2019”. Упершыню ў ім прымуць удзел дудары з Харватыі і Македоніі.
На некалькі дзён “Вішнёвая сталіца” краіны ператворыцца ў вялікую музычную пляцоўку. У трохдзённым свяце прымуць удзел дудары з Харватыі,Македоніі, Польшчы, а таксама з Паазер’я і іншых рэгіёнаў Беларусі.
Адкрыццё фэсту па традыцыі адбудзецца на алеі знакамітых землякоў у Глыбокім ля помніка заснавальніка першага беларускага нацыянальнага тэатра Ігната Буйніцкага. Музыкі яго тэатральнай трупы ў свой час умелі весці рэй, а гэта значыць верхаводзіць, задаваць тон. Сярод іх быў дудар Адам Шульга, дзякуючы якому меладычны спеў дуды гучаў над возерам Шо, у сярэдзіне якога, як сцвярджаюць айчынныя навукоўцы, і знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы.
У праграме фэсту дударскіх рэгіёнаў – творчыя сустрэчы, вечарына “Дуда спеўная”, канцэрт у санаторна-курортным комплексе “Пліса”, прэс-канферэнцыя з удзелам арганізатараў і ўдзельнікаў фэсту, урачыстая служба ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, што знаходзіцца ў аграгарадку Удзела.
Адным з найбольш яскравых момантаў свята стане традыцыйнае шэсце музыкаў. Гала-канцэрт у гарадскім пасёлку Падсвілле дасць магчымасць мясцовым жыхарам, гасцям свята здзейсніць своеасаблівы экскурс па музычных прасторах мінулага, пазнаёміцца з дударскімі напевамі розных рэгіёнаў.
Праграма фестывалю “Дударскі рэй-2019”
3 мая
12.00 – 14.00 Адкрыццё фэсту. Абыгранне помнікаў дудароў-песняроў. Алея знакамітых землякоў. Плошча 17 верасня. Глыбокае
17.00 – 19.00 Шэсце дудароў. Гала-канцэрт “Дударскі рэй на Глыбоччыне”. Г.п. Падсвілле.
20.00 – 21.00 Канцэрт у санаторна-курортным комплексе «Пліса»
4 мая
12.00 – 14.00 Прэс-канферэнцыя з удзелам сродкаў масавай інфармацыі, арганізатараў і ўдзельнікаў фэсту. Глыбоцкая цэнтральная раённая бібліятэка. Вул. Энгельса, д. 41а
17.00 – 19.00 Вечарына “Дуда спеўная” (майстар-класы, танцы). Танцавальная зала Глыбоцкага гарадскога дома культуры. Вул. Камуністычная, д.10
5 мая
11.00 Урачыстая служба з удзелам дудароў. Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Вёска Удзела.
Фота з архіва.