Автор: . Дата создания:

Свет размаўляе з душой праз прыгажосць. Адно з яе праяўленняў — музыка і песні. Хор «Спадчына», які быў створаны пры Шаркаўшчынскім раённым Доме культуры больш за 35 гадоў назад, сваімі спевамі абуджае ва ўяўленні яркія вобразы, пераносіць у думках у чароўныя мясціны, выклікае радасць і пабуджае да дзеянняў.

Нядзіўна, што калектыву праз дзесяць гадоў яго існавання прысвоена ганаровае званне народнага. На вераснёўскім аглядзе такіх заслужаных калектываў у раёне хор «Спадчына» ў чарговы раз быў адзначаны спецыялістамі за высокі прафесіяналізм выканання народных і сучасных песень.

Яго касцяк – педагогі дзіцячай школы мастацтваў і культработнікі – людзі з музычнай адукацыяй, пастаўленымі галасамі. Вакол іх згуртаваліся такія ж таленавітыя шаркаўчане. Разам вызначыліся з рэпертуарам, у якім сёння да паўсотні песень. Магчыма, таму, калі харавыя спевы сталі губляць папулярнасць, шаркаўшчынскі хор прадаўжаў жыць і выступаць. Не здаралася ў вобласці такога свята з удзелам самадзейных артыстаў, каб сярод іх не было «Спадчыны». Выступалі амаль на ўсіх фестывалях-ярмарках «Дажынкі», на конкурсе хароў «Браслаўская асамблея» летась былі прызнаны лепшымі. Іх прымалі ў Літве і Латвіі, Расіі і Украіне. Адным словам, грамат і дыпломаў за гады існавання калектыў накапіў стос, мае чым ганарыцца.

Праўда, і ён перажыў крызіс, быў на мяжы распаду. Але змог перахварэць, з’яднацца і зноў загучаў з новай сілай пад кіраўніцтвам педагога па класу харавых дысцыплін Анжэлы Касцюкевіч і патранатам музычнай школы. Калі ў чарговы раз са сцэны велічна загучалі мелодыя і галасы спевакоў «Паклонімся вялікім тым гадам» і «Беларусь, імя тваё святое», трэба было бачыць твары слухачоў, вусны якіх паўтаралі словы песень.

Фото Тамары ПАШКЕВІЧ.