З рабочым візітам 23 верасня Шумілінскі раён наведаў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч. Міністр узяў удзел у пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, правёў сустрэчу з калектывам Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў, наведаў некаторыя ўстановы культуры, паведамляе "Герой працы".
У ходзе візіту Анатоля Маркевіча суправаджалі начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі, намеснік старшыні Шумілінскага райвыканкама Ірына Шалахава. Анатоль Маркевіч пазнаёміўся з Шумілінскай дзіцячай школай мастацтваў, адзначыў, што ва ўстанове створаны годныя ўмовы для заняткаў дзяцей і работы выкладчыкаў, адобрыў планамерны падыход да набыцця музычных інструментаў, па-дзякаваў кіраўніцтву раёна за падтрымку і фінансаванне ўстаноў культуры.
У ходзе сустрэчы з калектывам школы міністр спыніўся на асноўных задачах работы галіны, праблемах, якія маюцца ў сферы культуры. Як падкрэсліў Анатоль Маркевіч, у першую чаргу трэба працаваць з кадрамі, рыхтаваць змену, пачынаючы са школьнага ўзросту. «Прыемна, што ваша школа павялічвае набор навучэнцаў, што выпускніікі працягваюць вучобу ў профільных установах адукацыі і потым вяртаюцца працаваць маладымі спецыялістамі ў раён, у школу. Трэба рабіць стаўку на маладыя кадры», – падкрэсліў ён.
Кіраўнік сферы культуры адзначыў, што Шумілінскі раён знахо-дзіцца ў пазітыўнай сітуацыі, але трэба вырашаць бадай, самую вялікую праблему – трэба забяспечыць рост заработнай платы ў сферы культуры наогул, і ў рэгіёне ў прыватнасці. Стаіць задача дасягнуць у культуры зарплаты ў 80% ад сярэднерэспубліканскай да 2025 года (за 7 месяцаў 2022 года яна складае 58%). Для гэтага, падкрэсліў міністр, трэба выкарыстоўваць розныя крыніцы, у тым ліку і пазабюджэтную дзейнасць. «Я разумею, што пакуль гэтыя даходы выкарыстоўваюцца на розныя бягучыя патрэбы, на матэрыяльна-тэхнічнае ўмацаванне. – сказаў ён. – Але трэба знаходзіць магчымасць частку сродкаў накіроўваць на заработную плату».
Кіраўнік галіны падрабязна расказаў пра змяненні заканадаўства ў сферы культуры, работу па захаванні нацыянальнай матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, міжнароднае супрацоўніцтва. Адказаў на пытанні работнікаў школы. Падчас гутаркі педагогі дзякавалі Анатолю Маркевічу за шчырую размову. Было выказана пажаданне аб набыцці раялю ў школу, тым больш, што, па словах міністра, інструменты пачалі вырабляць у Беларусі.
У Шумілінскім раённым Доме рамёстваў вельмі ўразіла кіраўніка Міністэрства культуры багатая спадчына, сабраная работнікамі Дома. Ён цікавіўся працэсам збору элементаў народнага адзення, побыту, метадаў і прыёмаў работы з рознымі прыроднымі матэрыяламі, захапляўся самаадданасцю і творчасцю народным майстроў.
«Вы займаецеся найважнейшай работай па захаванні гэтай велізарнай народнай спадчыны. Калі не захаваць гэта зараз, не перадаць у будучыню, народная культура знікне, а гэтага нельга дапусціць», – сказаў міністр. Міністр цікавіўся ўзроўнем падрыхтоўкі маладых спецыялістаў, якіх выпускаюць установы адукацыі культуры. У адным з пакояў ён шчыра вітаў дзяўчынак, якія займаліся ў гуртку.
Анатоль Маркевіч пазнаёміўся з работай народных майстроў, з рознымі накірункамі дзейнасці ўстановы культуры. На памяць аб наведванні нашага раёна госцю быў уручаны сувенір, зроблены ў Доме рамёстваў.
Фото shumilino.by