У Саюз пісьменнікаў Беларусі прыняты загадчык аддзялення Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Браслаўскага раёна Уладзімір Мажылоўскі.
Дарэчы, па адукацыі ён настаўнік фізікі, колішні дырэктар школы. На рахунку гэтага аўтара – кніга прозы “Праклён мітрапаліта Філарэта”, якую разам з аднайменнай склалі аповесці “Друеўскі ваўкалак” і “Спіраль гісторыі”, публікацыі ў рэспубліканскім літаратурным часопісе “Полымя”, серыі “Бібліятэка часопіса “Маладосць”, абласной і раённай перыёдыцы. Ён пераможца рэспубліканскіх конкурсаў на лепшыя мастацкія творы, прысвечаныя беларускай міліцыі (2016 г.), беларускім пагранічнікам (2018 г.).
Узбуджаны відовішчам смерці і пахам крыві, вялікі князь маскоўскі Дзмітрый ірваўся ў самую гушчу сечы. У пакамечаным, акрываўленым панцыры, змяніўшы чарговага каня, ён з шалёным бляскам у вачах кідаўся на ворага, сек, не даваў нікому літасці. Ён бачыў, што яго раці перамаглі, разумеў, што трэба спыніцца, аднак ніяк не мог утаймаваць у сабе прыхаванай лютасці да татар, якія больш стагоддзя трымалі яго род у палоне страху. Ён і не хацеў спыняцца. Дзмітрый сек, сек, сек… З кожным выдыхам ён высякаў у сабе той старадаўні жах, тое халуйскае, рабскае, што паспела прарасці нябачнымі карэньчыкамі ў душах многіх яго падданых, ды і ў ім самім. І, напэўна, калі б Брэнка не перахапіў яго каня, то Дзмітрый кінуўся б праследаваць уцякаючых ворагаў. Аднак…
— Уставай, соня! — нехта ўпарта трос мяне за плячо. — Уставай, інакш спознішся на працу!
— Якая праца? — квола, канчаткова не адышоўшы ад сну, запярэчыў я. — Сёння ж субота!
— Ну і што. У цябе факультатыў у дзявятым класе.
І праўда, у суботу ў мяне ў дзявятым класе факультатыў па гісторыі. Трэба падымацца. Шкада толькі, што жонка разбудзіла так рана. Пачакала б крышачку, дала б дагледзець сон. Проста цікава, ці застаўся жывым Цімоха? І хаця я ведаў, што ў сечы ля Вожы згуба маскавітаў была невялікай, каля трох сотняў воінаў, але ўсё ж было шкада, што жонка не дала дагледзець сон да канца.
***
Урок пачаўся.
— Сёння пагаворым пра Кулікоўскую бітву. Пастараемся быць аб’ектыўнымі. Спынімся на левым беразе Дона, насупраць прытока Няпрадвы…
Хутка я так захапіўся, што забыўся пра ўсё на свеце. Я быў там, у мінулым, на полі Куліковым. Я ўвачавідкі назіраў за ходам крывавай бітвы і разам з Цімохам адбіваў шалёныя атакі закаваных у стальную браню тэўтонскіх рыцараў ды французскіх тампліераў…
У творчасці Уладзіміра Мажылоўскага пераплецены гісторыя з містыкай, рамантыка з дэтэктывам. Літаратуразнаўцы называюць пісьменніка з Браслаўшчыны пераемнікам нацыянальнага заканадаўцы жанра – Уладзіміра Караткевіча.
З Караткевічам Уладзіміра Мажылоўскага яднае тое, што яны цёзкі, землякі — абодва з Віцебскай вобласці. Цікава і тое, што Караткевіч пайшоў з жыцця ў 54 гады, а дэбют Мажылоўскага адбыўся акурат у тыя ж 54 гады.
Фота з адкрытых крынiц.