Автор: . Дата создания:

На гэты раз да свайго юбілейнага дня нараджэння вядучы майстар коласаўскай сцэны Юрась Цвірка абраў папулярную камедыю «Шукаем тэнара». У ёй акцёр з шырокім амплуа бліскуча выконвае ролю дырэктара Гранд Опера Сондэрса, чалавека прадпрымальнага, вартага атрымаць выгаду пры любых абставінах. І бенефіс прайшоў пры аншлагу.

Спектакль восьмы год ідзе на сцэне акадэмічнага тэатра і карыстаецца нязменным поспехам не толькі дзякуючы сусветна вядомай драматургіі, але і выдатнаму акцёрскаму складу: Яўген Бераснеў (у ролі Макса), Тамара Краснабаева-Чарняк (у ролі Мэгі), Цімур Жусупаў (у ролі Ціта Мэрэлі), Вікторыя Шамардзіна (у ролі Марыі) і іншыя. І на гэты раз маэстра Цвірка і яго маладзейшыя паплечнікі былі, як кажуць, на вышыні.

Глядач шчыра смяецца над людскімі слабасцямі, якія так ярка прадстаўляюць коласаўцы.

Але апладысменты ў гэты вечар найбольш гучалі ў гонар Юрася Цвіркі за ўсе яго таленавітыя вобразы, створаныя на працягу 30-гадовага служэння тэатру. Гэта і пан Бараноўскі ў «Несцерку», і Галахвасты – «За двума зайцамі», і Іван – «Шагал…Шагал…», і Жывата Цвіёвіч з «Доктара філасофіі» і, канешне ж, трагічны Макбет; а колькі роляў пераіграў акцёр у пастаноўках для дзяцей, не пералічыць…

На сустэчы з гледачамі, якая адбылася адразу пасля бенефіса, Юрый Браніслававіч распавёў пра няпросты акцёрскі шлях. Пасля школы, паслухаўшы маму, паступіў у сельгасакадэмію.

– У акадэміі мяне пяць гадоў звалі галоўным артыстам, а як прыйшоў у тэатр, назвалі …галоўным аграномам, – жартуе юбіляр, які да таго, як узышла на небасхіле Мельпамены яго зорка, доўгі час выконваў эпізадычныя ролі. Зато зараз прыхільнікі таленту Цвіркі любяць яго менавіта за стрыжань чалавека, які цвёрда стаіць на зямлі, ведае жыццё з розных бакоў і ў той жа час не страчвае рамантычнага пачуцця зачараванасці, улюбёнасці ў людзей.

За творчыя дасягненні на коласаўскай сцэне Юрась Цвірка ў мінулым годзе ўдастоены высокай дзяржаўнай узнагароды – медаля Францыска Скарыны.

Для віншавання юбіляра калегі падрыхтавалі капуснік, які прайшоў у форме лёгкай жартаўлівай імправізацыі і быў цёпла сустрэнуты залай.

Фота Алісіі ПАХОМАВАЙ.