Кінастужка задумана аўтарам як дабрачынны праект, які павінен быць рэалізаваны з дапамогай нераўнадушных людзей з розных сфер дзейнасці: кінаіндустрыі, бізнесу, проста аматараў кіно. У творчую групу ўжо ўвайшлі знакамітыя расійскія і беларускія акцёры Ян Цапнік, Руслан Чарніцкі, Таццяна Чардынцава і іншыя.
Сёлета работа над фільмам працягваецца. З 20 студзеня на тэрыторыі заказніка «Ельня», што на Міёршчыне, пачнуцца здымкі новых эпізодаў. Але спачатку тут быў праведзены кастынг, дзе адбіралі ўдзельнікаў масавых сцэн, на эпізадычныя і ролі другога плана. Жадаючых зняцца ў кіно аказалася многа. У асноўным гэта былі дзеці, але зацікавіў праект і некаторых людзей сталага ўзросту.
Па словах Антона Бойкі, Віцебскую вобласць ён выбраў невыпадкова, бо яна славіцца сваім партызанскім мінулым, і такія месцы самі па сабе — крыніца натхнення. Тым больш што на тэрыторыі «Ельні» ў свой час таксама дзейнічалі народныя мсціўцы.
У здымках масавых сцэн у Міёрскім раёне будуць удзельнічаць каля 20 дзяцей. Адны з іх прайшлі кастынг днямі, іншых адабралі ў сацыяльнай сетцы раней і ўжо мелі пробы на натуры.
— Мы даём шанец таленавітым дзецям праявіць сябе. Увесь жа праект – гэта маленькі выклік сусветнай кінаіндустрыі, якім мы хочам паказаць, што і ў Беларусі можна здымаць выдатнае кіно. Тут ёсць добрыя акцёры, спецыялісты, маляўнічая прырода, — кажа Антон Бойка.
Выхад кінастужкі на экран плануецца сёлета і будзе прымеркаваны да 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
У сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» створана адкрытая група «Кинопроект «Героевский». Усе, каго цікавіць праект, знойдуць тут інфармацыю, фотаздымкі, відэафрагменты, змогуць далучыцца да абмеркаванняў.