Автор: . Дата создания:

Па дарозе са Слабодкі на Плюсы пры павароце на вёску Данькі  ў вочы кідаецца  ўказальнік  «Музей катоў».  Адны  машыны мінаюць яго без увагі, іншыя прыпыняюцца і паварочваюць на прасёлак, каб паглядзець, што за музей дзейнічае  ў браслаўскай глыбінцы. І наведвальнікаў  нямала. Летась на сядзібу заехала  больш за 600 гасцей, сярод якіх былі жыхары Германіі, Эстоніі, Расіі, Літвы, Латвіі, Чэхіі, ЗША... Музей у Даньках інтэрактыўны,  працуе кругласутачна і за яго наведванне грошай не бяруць.

Стваральніцай гэтага казачнага куточка на манер заходнееўрапейскіх сядзіб пятнаццаць гадоў таму  стала карэнная мінчанка  Алена Навіцкая. Паспяховая жанчына, выкладчыца замежнай мовы, перакладчыца з нямецкай прыехала на Браслаўшчыну, якую ўпершыню пабачыла і закахалася яшчэ ў студэнцкія гады. Набыла ў Даньках  дом,  каб было дзе адпачыць, набрацца сілы пасля напружанай гарадской мітусні. А праз тры гады, калі прыняла рашэнне пакінуць працу, наогул  кардынальна змяніла жыццё — пераехала ў браслаўскую вёску.

— Калі зачыняюцца адны дзверы,  адчыняюцца другія, важна ўбачыць іх, а не азірацца  бясконца на тыя, з якіх выйшаў і не збіраешся вяртацца. Галоўнае для мяне — вучыцца і развівацца, — кажа Алена Уладзіміраўна.

Так Алена Навіцкая стала гаспадыняй сядзібы, дзе вырашыла займацца аграэкатурызмам.  Каб адрознівацца ад іншых, трэба было стварыць свой твар. Ім і стаў кот Брасік і яго музей.

— Не я выбрала ката ў якасці героя маёй сядзібы, а ён мяне, — распявае гаспадыня. Адной раніцай яна выйшла на двор, а перад вачамі карціна пушкінскай казкі, праўда, у мясцовым варыянце: ля гумна на тоўстым суку старой раскідзістай ліпы  ляжыць кот, побач боўтаецца на ветры стары калодзезны ланцуг. Падказка, была прынята.  Літаральна за тры тыдні ў гаспадарчай пабудове ўзнялі столь, прыдумалі інтэр’ер для ўнутранага памяшкання.  

— За мяжой шырока  выкарыстоўваецца практыка культу мясцовых персанажаў, — расказвае Алена Уладзіміраўна.  — Для іх прыдумваюць гісторыі, выпускаюць сувеніры.  Ажыццявіць штосьці падобнае захацелася і мне. Браслаўшчына — край азёрны, дзе азёры — там і рыба, а дзе рыба — там і кот. Музей ката Брасіка (ад назвы Браслава), выраб сувенірнай прадукцыі падаліся неблагой ідэяй.

Дзве зімы Алена Навіцкая шыла катоў, прыдумвала ім вобразы, сачыняла «біяграфіі». Сёння ў музеі акрамя гаспадара ката Брасіка жывуць яго жонка Марыся, дочкі Кыся і Брыся, кот Фелікс, які на машынцы «Зінгер» шые і вышывае рыбак, кот Веніямін,  модніца Жанна, заядлы рыбак Тарасік...

Задуманая канцэпцыя музея быццам бы ўжо і рэалізавана. Але гаспадыня не можа спыніцца, прыдумвае новыя вобразы музейных персанажаў, вырабляе сувеніры і марыць стварыць турыстычны кластар, бо паблізу цікавыя аграсядзібы, слабодскі касцёл, старажытнае гарадзішча Маскавічы, Браслаў з яго музеямі.

З ранейшага вопыту Алена Уладзіміраўна ўзяла на ўзбраенне нямецкі метад паступовага руху наперад — маленькімі крокамі, таму яе турыстычная праграма распісана на гады. Пасля кластара, напрыклад, яна мае намер заняцца стварэннем аўтарскіх садовых фігур і скульптурных кампазіцый.

На вясковых прасторах для інтэлігенткі-гараджанкі адкрыўся такі размах для палёту творчасці, што скардзіцца на сум сельскага жыцця побач з ёй проста сорамна. Прыветная, адкрытая для зносін, Алена Навіцкая рада падзяліцца сваімі ведамі, навыкамі, ідэямі з іншымі гаспадарамі аграсядзіб, адпачывальнікамі.

Фота з асабістага архіва Алены Навіцкай.