Автор: . Дата создания:

Новая памятная манета «Шлях Скарыны. Полацк» з’явілася ў экспазіцыі музея беларускага кнігадрукавання Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка.

У наступным годзе па ўсёй краіне будзе шырока адзначацца 500-годдзе выдання першай друкаванай беларускай кнігі – Бібліі Францыска Скарыны. Напярэдадні значнага юбілею Нацыянальны банк Беларусі распачаў выпуск серыі памятных манет, прысвечаных гарадам, па якіх праходзіў шлях асветніка. Сярод іх – Кракаў, Падуя, Венецыя, Вільня, Прага. Але найперш Полацк – радзіма славутага першадрукара, дзе так ашчадна шануюць яго памяць.

У сімвалічным сэнсе, як адзначыла навуковы супрацоўнік музея кнігадрукавання Вольга Філімонава, Скарына заклікае нас на шлях асветы, ведаў і вялікіх спраў для свайго народа.

На манеце адлюстравана старажытная гравюра з выявай Полацка, а таксама знакі Францыска Скарыны, у тым ліку злучэнне сонца з месяцам – “Сонца маладзіковае”, сімвал перамогі дабра над злом і ведаў над невуцтвам. Упершыню гэты знак з’явіўся на гравюры з партрэтам першадрукара. Яго выява выкарыстоўвалася ў якасці ілюстрацыі першай кнігі Бібліі, выдадзенай у Празе ў 1517 годзе.

На адваротным баку манеты можна прачытаць знакамітыя Скарынавы словы пра любоў да роднай зямлі: “Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, - так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць”.

Бібліятэчная супольнасць краіны выйшла з прапановай аб'явіць 2017-ты Годам Францыска Скарыны. На думку культуролагаў, статус славутага сына Беларусі дазваляе перавесці святкаванне юбілею на міжнародны ўзровень і ўнесці ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА, а Мінск дзякуючы гэтай падзеі можа прэтэндаваць на званне кніжнай сталіцы свету.