Автор: . Дата создания:

Экспазіцыя мастацкага тэкстылю «Лён. Лёс. Летуценні» прадстаўлена ў Віцебскім мастацкім музеі. Ільняныя пано і адзенне выконваюць полацкія мастачкі Таццяна Козік і Марына Мярцалава.

Іх улюбёны матэрыял – традыцыйны для Беларусі лён, кветкі якога ўпрыгожваюць герб нашай краіны. Дзякуючы аўтарскай апрацоўцы лён становіцца мяккім, выдатна драпіруецца. 

Непаўторная графіка малюнкаў, выкананых метадам выбельвання, без выкарыстання фарбаў, стварае шыкоўны вытанчаны вобраз, і адзенне натуральнага шэрага колеру набывае багацце адценняў. Усё гэта разам ператварае тэкстыльны выраб у мастацкі твор. Узбагачаюць мадэлі, надаючы ім шарму, ручныя карункі «фрывалітэ».

На выставе ў Віцебскім мастацкім музеі сабраны творы з дзвюх калекцый. Серыя «У гэтых вокнах жыве любоў» прысвечана Мінску, які Таццяна Козік лічыць сваёй радзімай, бо там прайшло яе юнацтва і былі зроблены першыя крокі ў мастацтве. Полацк, дзе жывуць мастачкі, прадстаўлены ў калекцыі «Каляровыя сны зімовага саду». На адным з пано між ветак дрэў узвышаецца Сафійскі сабор, які бачны з вокнаў майстэрні.

– Сярод мноства твораў няма двух аднолькавых, бо паўтарыць малюнак абсалютна ідэнтычна немагчыма. Гэта не трафарэт, гэта настрой менавіта на дадзеную хвіліну, – адзначыла Таццяна Козік.

Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА.