Автор: . Дата создания:

Па старажытных канонах адзначылі Купалле на сельскай сядзібе «Якім і Маня» ў вёсцы Экімань Полацкага раёна. Свята прыцягнула ўвагу не толькі шматлікіх жыхароў наваколля, але і замежных гасцей. Вопыт паказаў, што рэканструкцыю архаічных народных абрадаў можна ўдала выкарыстоўваюць для развіцця турызму.

– Мы жывём удалечыні ад Радзімы, таму з вялікай радасцю прыехалі на Полаччыну, каб паглядзець, як тут адраджаюць традыцыі нашых продкаў. Уражанні – самыя цудоўныя. Усё было настолькі цікава, прадумана, што толькі вучыцца і вучыцца! – не хавала захаплення кіраўнік цэнтра беларускай культуры з Даўгаўпілса Жанна Раманоўская.

Яна адзначыла, што ў Латвіі вельмі шануюць народную спадчыну і падтрымліваюць развіццё культуры нацыянальных меншасцяў. У прыватнасці, нашых суайчыннікаў запрасілі 9 ліпеня паказаць беларускае Купалле на цэнтральнай плошчы Даўгаўпілса для жыхароў усяго горада.

Каб годна вытрымаць такі адказны іспыт, прадстаўнікі беларускай дыяспары вырашылі падсілкавацца ідэямі на гістарычнай Радзіме. А майстар-клас ім далі ўдзельнікі фальклорнага гурта «Варган» пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольгі Емяльянчык.

– Мы паказваем людзям аўтэнтычны стыль святкавання Купалля з яго адметным мясцовым каларытам. Спяваем песні, запісаныя на Беларускім Падзвінні, развучваем танцы, якія некалі танчылі на вёсцы. Элементы абраду не прыдуманыя, а сапраўдныя, максімальна набліжаныя да арыгінала, – патлумачыла Вольга Антонаўна.

 

Купальская дзея настолькі заваражыла прысутных, што гледачы ўмомант ператварыліся ва ўдзельнікаў свята: плялі вянкі, вадзілі карагоды вакол вогнішча, заўзята далучаліся да спеваў і гульняў. Госці з Даўгаўпілса выканалі не толькі беларускія, але і латышскія песні, што суправаджаюць аналагічнае Купаллю свята Ліга, таксама прысвечанае дню летняга сонцастаяння і найвышэйшага росквіту сіл прыроды. Да позняй ночы на высокім беразе Дзвіны панаваў чароўны настрой. А завяршылася свята дзівосным вогненным шоу ў выкананні тэатра гістарычнага строю «Полацкі звяз».

 

Полацкі рэгіён, па словах спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Наталлі Сініцы, валодае багатым творчым патэнцыялам і сёння прапануе разнастайныя ўзоры распрацаваных анімацыйных праграм для турыстычных груп. Рэканструкцыя старажытных абрадаў якраз і можа стаць адной з візітных картак вёскі Экімань, дзе сёння шукаюць новыя стымулы для развіцця ўнутранага і знешняга турызму праз захаванне і папулярызацыю ўнікальнай гісторыка-культурнай спадчыны. На базе Экіманскага сельсавета рэалізуецца адна з ініцыятыў міжнароднага праекта ЕС ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь».

Фота Ларысы Малашэні.