Автор: . Дата создания:

Ініціятыва правесці конкурс пад агульнай назвай ”Зямля пад белымі крыламі“ належала aбласной бібліятэцы імя У.Леніна і Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. І назву выбралі адпаведную –так называецца вядомая кніга публіцыстыкі Уладзіміра Караткевіча, 90-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначаем 26 лістапада. 

Арганізатары вырашылі найбольш поўна раскрыць патэнцыял супрацоўнікаў бібліятэк праз творчую дзейнасць і тым самым папоўніць інфармацыйныя рэсурсы, сфарміраваць краязнаўчы відэаархіў. Да таго ж апошнім часам відэаматэрыялы становяцца ўсё больш запатрабаванымі, а бібліятэкі імкнуцца быць у трэндзе.

Да фінішу ў конкурсе прыйшлі сапраўдныя прафесіяналы, рупліўцы на ніве бібліятэчнай справы. Россып відэаролікаў падрыхтавалі таленавітыя спецыялісты, тыя, хто неабыякава ставіцца да гісторыі і лёсу свайго краю, дапытлівыя энцыклапедысты і дасведчаныя гуманітарыі.

У гэтым аглядзе я спынюся на некаторых з іх і гэта суб’ектыўнае меркаванне нельга ўспрымаць за агульную пазіцыю журы.

У намінацыі “Край, дзе жыццё я сваё пачынаю” было заяўлена пяць відэаролікаў. Усе задуманы як візітныя карткі горада ці вёскі. Вось работа загадчыка Велеўшчанскай сельскай бібліятэкі-клуба Лепельскага раёна Ганны Дзямко ”Велеўшчанскі край“ кранае багатым зборам архіўных дадзеных, у прыватнасці здымкаў. Але, на жаль, фотарад і агучаны тэкст пра гісторыю вёскі існуюць як бы самі па сабе, не заўсёды супадаюць. Презентацыя заззяла б больш ярка, калі быў праведзены больш прынцыповы адбор фотаматэрыялу, а здымкі падпісаны.

З густам і вельмі эстэтычна прадставіла свій сінявокі край загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Міёрскай ЦРБС Святлана Матэленак. У відэароліку выкарыстаны прыгожы відэарад, зроблены сапраўднымі майстрамі, з дапамогай квадракоптара. Паглядзіш такую прэзентацыю і атрымаеш сапраўдную асалоду.

Асабіста мне вельмі спадабаўся ролік бібліятэкара Празарокскай сельскай бібліятэкі Глыбоцкага раёна Аліны Сабачэўскай. Паэтычны пачатак на фоне спелай збажыны і бязмежнага неба адразу задае тон для сустрэчы з родным куточкам. Аператар праводзіў здымкі, едучы на аўто, што надае рэалістычнасці відэарад дапаўняюць яшчэ і малюнкі, якія адлюстроўваюць гістарычныя факты.

Прэзентацыя абласной бібліятэкі (аўтары Таццяна Балабух і Вольга Шыбека) расказвае пра Віцебск як тэрыторыю арт-прасторы. Бібліятэкар ператварылася ва ўласнага карэспандэнта – гіда па знакавых мясцінах абласнога цэнтра. Атрымалася дастаткова прафесійна і натуральна. Здаецца, аўтары пастараліся нічога не ўпусціць. Вось і верш А.Вазнясенскага пра Шагала, і гісторыя віцебскага трамвая, і ”Славянскі базар“, і плошча Перамогі. Здаецца, усё вакол вядома, але асабіста мне хацелася пачуць малавядомыя і экслюзіўныя факты.

У намінацыі ”Сэрца зямлі маёй“ таксама былі заяўлены пяць відэаматэрыялаў. Спынюся на двух найболш выразных працах: ”Ушацкай зямлі галасы і лікі“ і ”Пройдзем па горадзе пешшу“ – Ушацкай раённай бібліятэкі імя Е.Лось (дырэктар Лідзія Шкаруба) і дзяцячай бібліятэкі –філіяла №1 Чашніцкай бібліятэчнай сістэмы (бібліятэкар Ларыса Шаламанава). Ролік пра Ушаччыну мае пэўную рэжысёрскую задуму, якая паспяхова рэалізавана праз дыялог маці і сына. Атрымалася дакументальная кінастужка, якая дакладна перадае паэтычны настрой ушацкай зямлі, адметна, што ў ёй выкарыстаны архіўныя кадры наведвання малой радзімы народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. Пасля прагляду ўшацкага матэрыяла сэрца сапраўды шчыміць, настолькі тонкая і праніклівая праца.

Па-новаму глядзіш на гарадок Чашнікі разам з гідам Ларысай Шаламанавай. Яна ўдала падабрала цікавыя дэталі для прагулкі па вуліцам і адметнасцям горада. Выдатна сбалансаваны тэкст і якасная здымачная работа.

Аб прыроднай разнастайнасці і багаццях рэгіёна Беларускага Паазер’я распавядуць сем творчых прац на тэму “Краса малой радзімы”. У гэтай намінацыі і найбольшая колькасць сапраўды выдатных прэзентацый. ”Край неразгаданых таямніц“ Верхнядзвінскай центральнай раённай бібліятэкі імя Т.Хадкевіча (Ніна Глацёнак) – гэта неверагодныя пейзажы, дэталі жывой прыроды: птушка на галінцы, кветка-красуня на зялёным лузе, сцяжынка ў лесе. Відэарад пабудаваны па прынцыпе змены сезонаў года. На фоне фотаздымкаў чытаюцца вершы Э.Зубрыцкага, А.Бубалы, І.Явіча, П.Броўкі.

У намінацыі пра мясцовыя падзеі Вялікай Айчыннай – “Дарогамі вайны” -- відэафільму «Тваім цудоўным імем, Лучоса», створанаму супрацоўнікамі электроннага чытальнага зала Віцебскай абласной бібліятэкі (Ганна Капліна, Анастасія Лаўцэвіч), канкурэнцыю ніхто не склаў. Фільм атрымаўся вельмі моцным, роўных яму ў кагорце заявак няма, лічу, гэта найлепшая работа сярод усіх прадстаўленых матэрыялаў. У аснове відэа – гісторыя камандзіра ўзвода снайпераў Георгія Ушкова, паэта-франтавіка. У дні вызвалення Віцебска ў вайсковай газеце быў надрукаваны верш Ушкова пра раку Лучоса, які стаў сімвалам памяці пра воінаў, загінуўшых у баях пры фарсіраванні Лучосы. У кастрычніку 1944 г. Георгій загінуў. Трапяткая гісторыя пра кантрасты жыцця і смерці, нябеснага і зямнога. Нават пачатак відэафільма абяцае сапраўдную мастацкую інтрыгу: палёт буслоў над мірным полем змяняюць вогненныя кадры ваеннага часу.

 У асобную намінацыю “Чалавек нараджаецца Зоркаю…” была вылучана відэастужка Алены Каспаровіч ”Жыццё з талентам у душы“ пра майстра ганчарных спраў з Браслава Ларысу Дарафейчык. Гераіня прываблівае сваёй шчырасцю і адкрытасцю, самабытным талентам, перададзеным ад бабулі.

Прэзентацыі, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу, служаць перш за ўсё прапагандзе яго творчасці, развіццю літаратурных традыцый беларускага генія. І віцебская бібліятэка-філіял № 14 імя У. Караткевіча (Галіна Ражноўская), і Аршанская дзіцячая бібліятэка імя У. Караткевіча (Наталля Савіцкая) падрыхтавалі грунтоўныя творчыя матэрыялы. Журы аддало перавагу нашчадкам з малой радзімы пісьменніка, бо як справядліва сказана ў гэтым жа відэа, ”жыве Караткевіч у горадзе родным, у творах, музеі, у сэрцы народным”. Яго творы – гэта гімн Беларусі, а відэафільмы, прысвечаныя Караткевічу, паўнавартасныя стужкі, якія будуць цікавыя для людзей розных пакаленняў.

Відэаролікі уключаны ў архіў электронных метадычных матэрыялаў.

Святлана ДЗЯДЗІНКІНА, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама 

 

Пераможцамі па выніках конкурсу паводле рашэння журы сталі:

у намінацыі «Край, дзе жыццё я сваё пачынаю» -

«Віцебск: тэрыторыя ART-прасторы» (Віцебская абласная бібліятэка ім. В.І. Леніна);

у намінацыі «Сэрца зямлі маёй» - «Пройдзем па горадзе пешшу» (дзіцячая бібліятэка-філіял № 1 Чашнікскай ЦБС);

у намінацыі «Краса малой радзімы» - «Прырода дыхае цішынёй…» (Лёзненская цэнтральная раённая бібліятэка);

у намінацыі «Дарогамі вайны»: «Тваім цудоўным імем, Лучоса» (Віцебская абласная бібліятэка ім. В.І. Леніна);

у намінацыі «Чалавек нараджаецца Зоркаю...» - «Жыццё з талентам у душы» (дзіцячая бібліятэка ЦБС Браславского района);

у намінацыі «Рыцар зямлі беларускай» - “Праўдзівы майстар, чысты як сляза” (дзіцячая бібліятэкиа ім. У. Караткевіча, філіяла № 1 Аршанской ЦБС.

Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца 30 лістапада 2020 года у Віцебскай абласной бібліятэцы ім. У.І. Леніна.