Нацыянальная акадэмія навук аб’явіла аб правядзенні напярэдадні Каляд урачыстасці для пераможцаў рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечаных Году народнага адзінства.
У ліку запрошаных на цырымонію і дырэктар Пастаўскага Дома рамёстваў «Стары млын», таленавітая майстрыца Таццяна Петух. На конкурс, прыняць удзел у якім маглі як аматары, так і прафесіяналы пры ўмове, што работа адлюстроўвае ідэю нацыянальнага адзінства, грамадскай згоды і грамадскага ўзаемаразумення, яна паслала шэсць выцінанак пад назвамі «Родная старонка», «Стары млын», «Хто ўмее весяліцца, той і гора не баіцца», «Сенажаць», «Пад крыламі белых буслоў» і «У адзінстве наша сіла». У пачатку снежня сталі вядомыя вынікі. У намінацыі «Творы народных майстроў» выцінанкі пастаўчанкі журы прызнала найлепшымі.
У багацці работ, дасланых на конкурс, не згубіліся і карціны яшчэ аднаго пастаўчаніна – майстра інсітнага жанру Іосіфа Гарбунова. Хоць мастак і не трапіў у лік прызёраў, але меў добрыя водгукі спецыялістаў.