Автор: . Дата создания:

Валерый і Тамара Хадасевічы (на фота) з в. Вяцера Чашніцкага раёна разам па жыцці крочаць больш за 40 гадоў. Ён музыка-самародак, яна краязнавец і кіраўнік народнага фальклорнага калектыву «Кругліца». Абое — педагогі, унікальныя і шчырай душы людзі.

Каб пражыць жыццё разам, душа ў душу, трэба праявіць мудрасць і павагу да сваёй палавінкі, ніколі не здраджваць адно аднаму – такі сакрэт сямейнага шчасця Хадасевічаў. Вось так яны і жывуць, вырасцілі двух сыноў. Усё дзеляць папалам: і шчасце, і гора, і кожны сумесна пражыты дзень.

Вучыліся Тамара і Валерый Хадасевічы ў адной Вяцерскай школе. Аднак на той час і не думалі, што калісьці жыццё злучыць іх у адзін лёс. Валерый Барысавіч пайшоў служыць у армію, трапіў у Чэхаславакію. Тамара Аркадзьеўна, скончыўшы школу, паступіла ў Полацкае педвучылішча. Толькі маці не хацела далёка адпускаць дачушку. Праз два тыдні дзяўчына вярнулася дадому і ўладкавалася лабарантам у родную школу. Вярнуўшыся на радзіму пасля арміі, Валерый таксама стаў працаваць у школе. З таго часу яны разам. Разам паступілі на завочную форму навучання ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, скончыўшы які, атрымалі дыпломы настаўнікаў. Яна – рускай і беларускай мовы і літаратуры. Ён – фізічнай культуры. Да 2008 года абодва працавалі ў Вяцерскай сярэдняй школе, затым – у Грынькоўскай, бо Вяцерская была рэарганізавана. Сёння сужэнцы Хадасевічы на пенсіі, але адпачынак на канапе не для іх. Валерый Барысавіч добра разбіраецца ў тэхніцы, сам канструюе і збірае мотаблокі, міні-трактары. Але любімы занятак для яго, канешне, – музыка.

Ён валодае цудоўным музычным дарам: мае выключны слых, іграе на баяне, гітары, на сінтэзатары і піша музыку да песень, якія ў асноўным выконвае народны фальклорны калектыў «Кругліца», у складзе якога 15 удзельнікаў, а таксама ён сам і яго жонка. Так, на сённяшні дзень у яго больш за сто песень уласнага стварэння. Валерый Барысавіч сам добра спявае, здымае на відэа канцэрты, робіць відэакліпы да сваіх песень, а затым выкладае іх на сваёй старонцы ў «Аднакласніках». І хоць спецыяльнай адукацыі мультыінструменталіст не мае, музыка заўсёды крочыць з ім па жыцці. Яшчэ з дзяцінства памятае, як з бацькам купіў у Оршы першы баян «Беларусь» і як, едучы дадому, самастойна падабраў ноты да дзвюх песень у цягніку, іграў іх пасажырам. Вёў у школе ўрокі музыкі і музычныя гурткі, а таксама стварыў у Вяцерскай школе дзіцячы ансамбль «Усмешка». Сёння ён акампаніятар філіяла №5 Кругліцкага СДК.

Жыццё і грамадская дзейнасць Хадасевічаў цесна звязаны з народным фальклорным калектывам «Кругліца», які быў створаны яшчэ ў 1976 годзе. Яго ўдзельнікі заўжды спявалі традыцыйныя мясцовыя абрадавыя і пазаабрадавыя песні, танчылі, адраджалі народныя абрады. Гэта людзі творчыя, цікавыя, пра якіх можна расказваць бясконца. У 2007 годзе фальклорнаму калектыву «Кругліца» было прысвоена званне народнага. З 2015-га калектывам кіруе Тамара Хадасевіч, якая не толькі спявае і танчыць, яна арганізоўвае фальклорныя экспедыцыі па вёсках. У 2018 годзе ініцыявала афармленне ў Кругліцкім СДК музея «Беларуская хатка», які дзейнічае і зараз – у ім праводзяцца народныя святы і абрады. У вольны час займаецца вырабамі для ландшафтнага дызайну, некаторыя з іх упрыгожваюць тэрыторыю Кругліцкага СДК.

Тамара Аркадзьеўна прызнаецца, што ў асноўным дзейнасць вядзе экспедыцыйна-даследчую, адраджае і зберагае народныя святы і абрады, песенныя і танцавальныя традыцыі продкаў, далучае дзяцей і моладзь да рэгіянальнага фальклору. Сабрана вялікая колькасць розных сцэнарыяў свят, і гэтая скарбонка папаўняецца.

Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.