Полацк ужо мае ідэі для праграмы свята, прысвечанага важнай падзеі ў гісторыі нашай краіны – 500-годдзю першай друкаванай кнігі, выдадзенай у 1517 годзе славутым асветнікам-гуманістам Францыскам Скарынам.
Па словах намесніка старшыні райвыканкама Пятра Пяткевіча, свята павінна адлюстраваць усю значнасць падзеі, аб’яднаць нацыю на глебе пераемнасці традыцый і шанавання багатай духоўнай спадчыны.
“Псалтыр” вялікага палачаніна стаў першай друкаванай кнігай для ўсіх паўднёвых і ўсходнеславянскіх народаў, ён выйшаў у свет раней за нямецкую Біблію Марціна Лютэра і на 47 гадоў апярэдзіў "Апостал" расійскага першадрукара Івана Фёдарава. Сваімі справамі Францыск Скарына паставіў сябе ўпоравень з уладарамі дум і тытанамі духу эпохі еўрапейскага Адраджэння, паўплываў на глыбінныя вытокі айчыннай культуры і нацыянальнае самавызначэнне беларусаў.
Дасягнуўшы вышэйшых вучоных ступеняў, бліскучы мысліцель-паліглот, доктар медыцыны, пісьменнік, перакладчык, прадпрымальнік, мастак узяўся за асветніцкую справу, што не прыносіла вялікай матэрыяльнай карысці. Біблію ён перакладаў на зразумелую простаму чалавеку мову – “людзям паспалітым для добрага навучання”, а кнігу называў крыніцай святла, ведаў, мудрасці і лекамі для душы. Шанаваць як святыню роднае слова, любіць бацькоўскую зямлю, не шкадаваць сіл для таго, каб годна служыць свайму народу, заклікаў нас выдатны суайчыннік. Пад знакам велічы яго подзвігу мы і павінны адзначыць юбілейную дату.
Помнік дзяржаўнасці
Сімвалічна, што юбілярам у 2017-м стане і сам патрыярх гарадоў беларускіх, які адзначыць 1155 гадоў з моманту першай згадкі ў летапісах. Да Дня пісьменства плануецца адкрыць памятны знак “Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці”, што падкрэсліць гістарычную ролю старажытнай сталіцы як цэнтра, дзе закладваліся падмуркі нацыянальнай культуры, асветы, духоўнасці.
Канцэпцыя твора манументальнага мастацтва зараз ствараецца спецыялістамі. Пасля яе зацвярджэння будзе абвешчаны рэспубліканскі конкурс эскізных праектаў, і скульптары змогуць увасобіць свае творчыя ідэі на практыцы.
У дні свята мяркуецца таксама правесці ў Полацку прэзентацыю серыі памятных манет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь “Шлях Скарыны”, сумесна з РУП “Белпочта” арганізаваць гашэнне маркі і канверта, прысвечаных 500-годдзю кнігадрукавання.
У суквецці талентаў
Аргкамітэт па падрыхтоўцы да Дня пісьменства быў створаны ў Полацку яшчэ ў маі. На адным з яго пасяджэнняў прыняты шэраг прапаноў, якія ўмоўна падзяляюцца на тры блокі. Першы раскрые асноўную тэматыку падзеі, другі – пазнаёміць з праектамі, што сталі візітнай карткай Полаччыны, трэці – пашырыць кола ўдзельнікаў і дазволіць рэалізаваць свае ініцыятывы разнастайным асобам і арганізацыям.
Агульная праграма свята будзе зацверджана на рэспубліканскім ўзроўні і аб’яднае шматлікія асветніцкія, выставачныя, навуковыя, выдавецкія, творчыя праекты, што падкрэсляць адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай народа.
– Полацк мае чым ганарыцца. Мы пастараемся годна прыняць гасцей і прадэманстраваць той вялікі творчы патэнцыял, якім валодае наш рэгіён, – адзначыла намеснік загадчыка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Астапава.
Першымі свае таленты прадставяць юныя палачане. Нацыянальны маладзёжны форум “Скарынаўскія дні ў Полацку” засведчыць пераемнасць традыцый і павагу моладзі да мінуўшчыны свайго народа. Падарункамі ад устаноў адукацыі стануць макеты архітэктурных помнікаў, у тым ліку страчаных, створаныя школьнікамі і настаўнікамі.
Падчас Дня пісьменства мяркуецца правесці Еўфрасіннеўскія педагагічныя чытанні, міжнародны літаратурны форум і фінал адкрытага конкурсу аматарскіх фільмаў “Я здымаю кіно” ў намінацыі “Экранізацыя твораў беларускіх аўтараў (пісьменнікаў)”. Прэзентацыі сваіх дасягненняў падрыхтуюць працоўныя калектывы Полаччыны, асобнымі праектамі вызначацца ліцэі, каледжы і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.
Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік плануе арганізаваць міжнародную навуковую канферэнцыю, выставу беларускіх старадрукаў, мастацкі пленэр і канцэрт еўрапейскай музыкі ХVI стагоддзя ў выкананні вядучых музычных калектываў краіны. Адной з самых прыцягальных кропак стане ўнікальная экспазіцыя музея беларускага кнігадрукавання.
Сустрэчы з літаратарамі і паэтычныя чытанні пад адкрытым небам наладзяць работнікі бібліятэчная сістэмы, цікавыя творчыя задумкі рэалізуе заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр “Пілігрым”.
Суправаджаць Дзень пісьменства будуць такія праекты, як “Вулічныя музыкі”, “Горад майстроў”, фестываль беларускай кухні і іншыя. Пад час свята будуць працаваць шматлікія інтэрактыўныя пляцоўкі, праводзіцца інтэлектуальныя турніры, канцэрты, конкурсы, віктарыны, спартыўныя спаборніцтвы, дабрачынныя акцыі.
Дапоўніць праграму, як адзначыла Алена Астапава, можа кожны, хто мае цікавыя ідэі. Арганізатары працягваюць прымаць прапановы грамадзян і арганізацый, каб зрабіць свята па-сапраўднаму яскравым, самабытным, непаўторным.