За час існавання прэміі яе ўладальнікамі сталі 22 чалавекі. Новаспечаных лаўрэатаў павіншавала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, старшыня камітэта па прысуджэнні прэмій імя Уладзіміра Караткевіча Ларыса Аленская.
У намінацыі «Проза» адзначаны член СПБ, настаўнік Пастаўскай гімназіі, член вучонага савета Беларускага геаграфічнага таварыства, лаўрэат прэміі «Чалавек года Віцебшчыны» за 2009 год, аўтар каля 40 краязнаўчых і вершаваных выданняў Ігар Пракаповіч – за кнігу краязнаўчых артыкулаў «Чароўны край – Пастаўшчына». Гэта падручнік для факультатыву «Паставызнаўства».
У катэгорыі «Паэзія» лаўрэатам прэміі стала член СПБ, аўтар трох вершаваных кніг, рэдактар Полацкага народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне», колішняя настаўніца, а зараз пенсіянерка Галіна Загурская – за зборнік «З росаў святаянных».
У маладзёжным конкурсе спаборнічала звыш за пяцьсот школьнікаў, студэнтаў, прадстаўнікоў творчых прафесій. Найбольш удзельнікаў было з аршанскіх СШ №№9 і 10, віцебскіх гімназій №№4 і 1, ВДУ імя П. Машэрава. Лепшыя творы вызначаны ў дзвюх узроставых групах (ад 15 да 30 гадоў). З пераможцамі пазнаёміла кіраўнік журы, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Караткевіча Тамара Краснова-Гусачэнка. Прызавыя месцы занялі 28 аўтараў, а 17 атрымалі падзякі.
Разам з успамінамі пра Уладзіміра Караткевіча, яго вершамі падчас урачыстасці прагучалі творы сталых і юных лаўрэатаў.
Фото Антона Степанищева