Першыя экзэмпляры адноўленага гістарычнага кніжнага помніка нашай краіны ў дар бібліятэкам, музеям і навучальным установам Віцебшчыны перадаў намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша.
Факсіміле стала вынікам рэалізацыі Нацыянальнай бібліятэкай праекта па аднаўленні найбольш каштоўнай кніжнай спадчыны нашай краіны. У 2014 годзе ў межах гэтай дзейнасці пабачылі свет адразу два выданні: самая першая рукапісная кніга – Тураўскае Евангелле XI ст. і друкаваная – пяць тамоў са спадчыны Францыска Скарыны. Дарэчы, раней ужо былі адноўлены Слуцкае і Полацкае Евангеллі, Баркалабаўскі летапіс і шматлікія асветніцкія выданні – буквары.
На мерапрыемстве Аляксандр Суша перадаў 8 экзэмпляраў рукапіса абласной бібліятэцы, а таксама кніжным храмам Полацка, Наваполацка, Оршы, Віцебскаму краязнаўчаму музею і ВДУ ім. П. Машэрава. Раней частка тыража была размеркавана па лініі Беларускай праваслаўнай царквы як партнёра ў рэалізацыі праекта, бо, як лічыць Аляксандр Аляксандравіч, выдаваць Евангелле (што ў перакладзе значыць «добрая вестка») без блаславення Мітрапаліта Паўла было б няправільна.
Да друку Тураўскае Евангелле рыхтавалася каля пяці гадоў – пачынаючы з перамоў для атрымання допуску да арыгінала, пошуку спонсараў, бо першыя 500 асобнікаў распаўсюджваюцца на некамерцыйнай аснове сярод дзяржаўных і грамадскіх арганізацый Беларусі і часткова замежных краін. Факсімільнае аднаўленне рукапіснага помніка, які з’яўляецца дасягненнем усяго грамадства, на думку арганізатараў, павінна паспрыяць станоўчаму іміджу нашай радзімы і яе культуры. Магчымасць дакрануцца да гістарычнага багацця маюць і жыхары Віцебшчыны.